спаткалі творы Марцінкевіча, каторыя ён напісаў у простай "мужыцкай" беларускай мове. Можа ім не спадабаліся моральныя сэнтэнцыі аўтара аб шанаваньні селяніна, можа не спадабалася простая мова твораў, а можа тое і другое разам.
Спаткаўшы з гэтага боку няпрыхільнасьць, Марцінкевіч зьвярнуўся да другіх колаў беларускага грамадзянства. Ён пачаў шукаць падтрыманьня з боку простага люду, прычым дробную шляхту ён таксама прылучае да гэтага простага люду: „І вось я сягоньня ахвярую „пана Тадэуша", прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-пад Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Віліі і Нёмна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець". Трэба зазначыць, што селянін ня прыняў гасьцінца ад свайго дудара, бо быў няпісьменны і цёмны; апроч таго, сэнтымэнтальныя творы Марцінкевіча не сагласаваліся з сапраўднымі настроямі, думкамі і запатрабаваньнямі беларускага селяніна. Гасьцінец Марцінкевіча прыняла група тагачаснай беларускай інтэлігенцыі, вышаўшая з дробнашляхэцкіх колаў.