Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

ваць ўжо гатовыя творы. Гэтая „абмужычыўшаяся" шляхта вельмі любіла творы, напісаныя ў „мужыцкай" мове. Яна ахвотна перапісвала як народныя, так і літаратурныя беларускія творы. Пры частых перапісках мянялася рэдакцыя твораў, вынікалі новыя варыянты, губілася імя аўтара. З такіх твораў, каторыя выходзілі ў сьвет з рук гэтай беларускай шляхты, асабліва былі пашыраны пераліцованая „Энэіда" і „Тарас на Парнасе".

Аўторам „Энэіды" быў, здаецца, Віцэнты Равінскі, уражэнец Смаленшчыны (Духаўшчынскі павет). Ён прыстасаваў да беларускага быту „Энэіду" украінскага пісьменьніка Катлярэўскага, напісаўшы яе пабеларуску. Зьявілася яна каля ча­соў кампаніі 12-га году і да нашага часу дашоў толькі пачатак поэмы. Па свайму сюжэту яна зьяўляецца пераробкаю вядомай клясычнай „Энэіды", напісанай рымскім поэтай Вергіліем. Ад поэмы Вергілія застаўся толькі сюжэт, іменьні бага­чоў і герояў. Усё астатняе зьяўляецца адбіткам беларускага жыцьця. Энэй намалёван, як дробны беларускі шляхціц, даволі вясёлы, зусім бясьпечны, мастак добра выпіць і пагуляць. Вэнэра—дзяўчына дачка заможных сялян, любіць пяяць песьні, хадзіць на кірмаш і заводзіць толавы хлапцоў. Дыдона—мала­дая пані, удава, каторая сама павінна вясьці ўсю гаспадарку, добра частуе гасьцей. Эоль—панскі наглядчык, каторы гоніць панскіх падданых на паншчыну. Даецца і малюнак паншчыны, калі прыезжыя траянцы просяцца ў прыгон да Дыдоны. Гуляюць у поэме так, як гуляюць заможныя сяляне на Беларусі. Ліецца гарэлка. На сталох поўна беларускіх страў: варыва з малаком, крупеня з мясам, яешня, кісель, бульбяныя камы, нават вяземскія пернікі. У час гульні раве вярлюем дуда, сіпіць сапелка, скры­піць скрыпка, дзявухны гукаюць—заклікаюць вясну: ёсьць на­ват і вядомая сьвяточная каза. Вопраткі на багох, героях і ба­гінях такія, як і ў Беларусі. Аб Вэнэры аўтар піша, што яна „андарак з насоўкай апранула, з падплётам узьдзела кавярзьні, анучкі рабыя абула, як быццам войта селязьні; твар сырават­аю абмыла, кужэльны ўзьдзела балахон, папранік у хустачку ўлажыла, пайшла да Зэўса на паклон". Наогул у поэме вельмі добра намалёван быт дробнай шляхты і заможных сялян. Што датыча быту запрыгоненай сялянскай беднаты, то ён закранут толькі мімаходам. Аўтар на ім спыняецца вельмі рэдка і не