Старонка:Увагі аб мове філёматаў.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная
Л. Цьвяткоў.

Увагі аб мове філёматаў.

1. Некалькі слоў аб беларусізмах у філёматаў у іх польскіх творах.

Два сумежныя народы: беларускі і польскі маюць шмат чаго супольнага і ў сваім пахаджэньні і ў сваёй мінуўшчыне. Паміж імі існаваў сталы ўзаемаабмен культурнымі дасягненьнямі. Але ў часе нашага заняпаду, выкліканага дрэннымі эканамічнымі і палітычнымі умовамі, больш выяўляўся польскі ўплыў на нашу культуру, чымся, наадварот, наш уплыў на палякаў.

Дзякуючы гэтаму, і пазьней, ужо у ХІХ-м сталецьці, нашыя выдатныя сілы вельмі часта перацягвае шляхоцкая Польшча на свой бок. Дзеці беларускае зямлі працуюць для чужое культуры, ці цалком, як Адам Міцкевіч, ці часткова, як Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Алесь Рыпінскі, Людвік Кандратовіч, Вінцэсь Каратынскі ды іншыя пісьменьнікі, якія карысталіся дзьвюма мовамі.

Але ці можа чалавек у сваёй творчасьці нават у чужой мове не адбіць асаблівасьцяй матчынай гутаркі, У 1925-м годзе ў Пазнані адбыўся зьезд польскіх гісторыкаў, які даў наагул шмат карысных вынікаў, ня толькі ў сэнсе новых фактаў, але і ў галіне мэтадалёгіі.

У чацьвертай сэкцыі гэтага зьезду быў заслухан даклад Габрыэля Корбута "О кonіecznoścі najrychlejszego zbadanіa języka і wyslowіenіa Mіckіewіcza".

У гэтым дакладзе ёсьць некалькі вельмі цікавых думак, з якімі нам карысна будзе пазнаёміцца.

"Каб добра зразумець песьняра", кажа Корбут: "трэба перш за ўсё дакладна ведаць яго мову, галоўным чынам — яго штодзённую гутарку, якою ěн карыстаецца ў сваім звычайным жыцьці, гаворачы з сям'ёю, з слугамі, таварышамі, прыяцелямі і знаёмымі. Ня ведаючы яго штодзеннае мовы, часам не зразумееш і яго пясьнярскага стылю, а таксама і яго думак. А мова, якую ўжываў Міцкевіч ня толькі ў штодзенным жыцьці, але і ў паэзіі, гэта ня была мова ва ўсіх сваіх уласьцівасьцях карэнна-польская, але правінцыяльная.

Таму, так-жа сама, як нельга зразумець псыхікі песьняра, не зразумеўшы перш псыхікі таго пляменьня, з якога паходзіць яго род (на што, на жаль, нашыя дасьледчыкі звычайна забываюцца), — цяжка бывае часам зразумець мову паэты, або можна зразумець яе памылкова, а, значыцца, няправільна ўцяміць і яго думку. Так бывае, калі хтось не пазнае загадзя дакладна мовы таго пляменьня, з якога паходзіць пясьняр, або сярод якога ён жыве ці жыў даўней, бо гэтая мова, зразумела, павінна мець уплыў на яго родную — матчыну і бацькаву.