Старонка:Увагі аб мове філёматаў.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная
Л. М. Цьвяткоў.

Увагі аб мове філёматаў.

II. Асаблівасьці нашае мовы ў беларускіх філёмацкіх творах Яна Чачота.

Ян Чачот, як Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і некаторыя іншыя філëматы (члены культурна-асьветнага студэнцкага Віленскага гуртку першае чвэрці XIX сталецьця), паходзіў з тае краіны, адкуль бярэ свой пачатак наша сучасная літаратурная мова. Большая частка нашых найлепшых пісьменьнікаў вышла з працоўных мас цэнтральнае Беларусі, да якое належыць і Наваградзкі павет, радзімая старонка Яна Чачота.

Найлепшы знаўца беларускае дыялекталёгіі ак. Карскі ў сваіх "Белоруссах" характарызуе цэнтральны дыялект у наступных словах:

"Гутарка чыста беларуская з мерным аканьнем. Калі пачаць з Навазыбкава і весьці мяжу на захад па паўднёвых частках паветаў Гомельскага, Бабруйскага, Слуцкага, Наваградзкага на Слонім, Ваўкавыск і далей на поўночны захад да ўтоку Ратнічанкі (Друзгенікі), а потым па паўночна-заходняй мяжы беларускага пляменьня, дык мы больш-менш дакладна вызначым граніцу гэтых гаворак. Іх адзнака — мернае аканьне ў складох, адсунутых ад націску да пачатку слова, а таксама і ў складох, якія стаяць беспасрэдна за націскнымі, але не у канцовых адкрытых—магчымым бывае зьяўленьне ненаціскных o і е. У паўднёвых частках-замест іх у некаторых выпадках бывае магчымым зьяўленьне закрытых o і е, блізкіх да у і ю, а ў націскных складох у тых-жа мясцовасьцях спарадычна (як відаць) зьяўляюцца дыфтонгі. Другая рыса гэтае групы―адсутнасьць -ць у трэцяй асобе адзіночнага ліку пасьля е, дзеясловы з асновамі на -і маюць -ць, у іншых выпадках яно зьяўляецца толькі спарадычна (ёсьць, дасьць і яшчэ дзе-не-дзе).

На ўсход ад Менску нават і замест -іць бывае е (кіне). Дз' і ц' мяккія ў поўнай моцы; усюды р цьвёрдае; канчаткі ў дзеясловаў -ся, -се але -ца, перад о звычайная прыстаўка в, хоць замест в асноўнага ў пачатку слоў часам бывае h („горабей“ пры „верабей“).

Назіраньні акад. Карскага для нас вельмі цікавы з розных поглядаў.

Папершае, мы бачым, што нашая літаратурная мова, якая ня ведае ненаціскнога о, ёсьць у пэўнай меры коjne dіalektos-вынік сынтэзу моцнага і мернага аканьня. Барысаўска-Полацка-Магілеўская гутарка мела ўплыў у тым сэнсе, што ў нас о ня пішуць цяпер у ненаціскных складох, але краіна мернага аканьня ўсё-ткі мае перамогу, бо е ў нашай літаратурнай мове вельмі часта зьяўляецца і бяз націску. Я-б сказаў нават, што чуецца ня е, а гук даволі блізкі да і, бліжэйшы да і, чымся да е.

Далей такія формы, як кіне, нясе, у літаратурнай мове пераважаюць над формамі кінець, нясець. Гэтая зьява, як гаворыць акад Карскі, характэрна для цэнтральнае гаворкі.