Старонка:Увагі аб мове філёматаў.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

вершы Яна Чачота (том I філёмацкае паэзіі ў выданьні Яна Чубэка, стар. 24, радок 77), мы чытаем:

Slawa nauk po Białej tak biąka się Rusi. Але часьцей сустракаем мы назву "Літва" (Litwa), г. зн. тэрмін дзяржаўны, а не нацыянальны. Некаторыя філёматы ўжываюць назву Polak, бо і, сапраўды, культура, якую яны ўспрынялі, была ў цеснай сувязі з Польшчаю.

Прачытаўшы ўважна іх творы, мы атрымаем ўсё-ткі не саўсім поўнае ўяўленьне аб іх нацыянальнай самасьвядомасьці.

Нупрэй Петрашкевіч піша гістарычныя думы і аб Леху і аб Гедыміне, ідыліі (сялянкі) і з нашага і з чужога быту. Тамаш Зан нават польскага Твардоўскага прыўлашчаў свайму роднаму краю. Твардоўскага д'яблы забіраюць з сабою ў пекла з мястэчка Раманава, бо ён абяцаўся аддаць ім сваю душу ў Рыме, а Раманава — гэта Roma Nova — Новы Рым, пабудаваны рымскім эмігрантам Палямонам у нашай краіне.

Адам Міцкевіч нават сваёй пераробцы аднаго з Вольтеравых твоpaў (Pani Aniela. Nasladowanie z Woltera) надае некаторыя мясцовыя рысы — уся справа адбываецца ў Наваградку.

У Яна Чачота мы знаходзiм пераробку народнае песьні: "Przez me podwórze cieciera leciala".

Гэта ўсё мы маем у першым томе філёмацкіх твораў, дзе былі сабраны вершы, якія можна было падрыхтоўваць да друку.

Другі том, выдадзены Чубэкам, самі філёматы саўсім ня думалі выдаваць. Гэта былі вершы інтымнага зьместу, часткова—паважнага, часткова—жартлівага, але ў кожным выпадку не разьлічаныя на чужых чытачоў.

Тут мясцовы элемент мацнейшы. Ян Чачот тут выступае з творамі, напісанымі пабeлapyскy, тут ёсьць і наагул водгукі нашае народнае творчасьці-прыслоўяў, прыказак і т. п.

Мы ня будзем тут разглядаць падрабязна палітычную і нацыянальную ідэялёгію філематаў. Магчыма, што яны былі й сапраўды Natione Poloni, gente autem Alborutheni, што яны хацелі проста даўнейшых суадносінаў паміж Літвою і Польшчаю (якія склаліся на падставе акту Люблінскае вуніі), але усё-ткі яны самі не забываліся на свае беларускае пахаджэньне і цікавіліся гісторыяю свае бацькаўшчыны.

Беларуская мова ў творах, напрыклад, Яна Чачота даволі добрая, але не саўсім беззаганная. Полёнізмы сустракаюцца, ёсьць (як гэта ні дзіўна) нават і расіізмы: "водка" замест "гарэлка", "нет" замест "няма" і г. п.

Але за тое ў польскіх творах у філёматаў ёсьць шмат беларусізмаў. Агульнае ўражаньне такое, што пісьменьнікі не саўсім добра валадалі польскаю моваю, хоць увесь час практыкаваліся ў пісаньні папольску. Хутка і плынна пісаць яшчэ ня значыць пісаць беззаганна.

Часам беларускае пахаджэньне пісьменьнікаў выяўляецца ў слове, у звароце, у граматычнай форме, неўласьцівых польскай мове. Пры гэтым падобныя факты сустракаюцца саусім ня толькі у жартлівых зваротах, дзе падобныя макаранізмы маглі быць ужыты знарок дзеля камічнага ўражаньня. Мы бачым гэта і ў паважных творах і пры тым саўсім бяз імкненьня да мясцовае ахварбоўкі (couleur locale).

А гэта як раз найбольш паказальна.

Бо, сапраўды, калі мы, чытаючы старажытна-баўгарскі (стараславянскі) тэкст, заўважаем у ім чэхізмы (у так званых кіеўскіх фрагмэнтах), дык гаворым, што пісаў чэх. Чаму-ж, калі ў польскім тэксьце мы знаходзім бясспрэчныя беларусізмы, мы ня мелі-б права зрабіць аналёгічныя вывады?