Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

апатыі ў "Начлезе"[1], васеньнія пачуцьці ў „Восені". Гэтымі дасягненьнямі поэта абавязан як свайму мастацтву эмоцыянальнай і мілагучнай вершаванай мовы, уменьнем знайсьці адпаведныя сваім думкам і пачуцьцям рытмы і вобразы, так і сваёй асабістай душэўнай тонкасьці і праніклівасьці.

Часамі яму ўдаецца выразіць сваю думку ў сьціслым, вострым і парадаксальным сказе, які мае выгляд унутраное супярэчнасьці:

Ў ясны дзень начую („Ночлег“)

Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора („З песьняў няволі“).

Але не заўсёды выяўляў поэта сваё глубокае і моцнае пачуцьцё ў празрыстай і яскравай думцы: часамі ён здавальняўся тым, каб перадаць толькі свой настрой. Гэта заўважваецца нават у вершах філёзофскіх па сваёй тэме. Так, напрыклад, у "Літаньні Адзіноце",-літаньні, якое перамяжоўваецца пракляцьцямі,-унутрана-супярэчныя адносіны поэты да адзіноцтва не знайшлі сабе выразу ў якіх-небудзь яскравых думках, якіх мы маглі-б чакаць у вершы філёзофскім ужо па свайім загалоўі: у чым для поэты чары і ў чым пракляцьце адзіноцтва, - гэта засталося таямніцай. Такім-жа непасрэдным пачуцьцём прасякнуты верш "Нязнаны госьць" пра дзіця, што прышло ў сьвет і ў якога адказам на запытаньне пра яго лёс з вачоў скаціліся дзьве пэрлінкі сьлез. Мы маем тут хутчэй сумны філëзофскі настрой, ніж ясную думку.

Непасрэдны лірызм А. Гаруна знаходзіць сабе стылістычны выраз у шырокім і вельмі рознастайным выкарыстаньні фігуры звароту. Поэта зварачаецца амаль да ўсіх тых зьявішчаў, аб якіх ён гаворыць. Часта увесь верш пабудован у форме звароту, аб чым сьведчаць ужо самыя загалоўі: "Людзям“, „Іванку“, „Іудам", "Я. Коласу", "Ветру", "Літаньне Адзіноце", "Поэту“, „Слабасьці“, "Муляру“, „Дзяўчаці". Жаданьне зьвярнуцца як да жывых істот нават да адцягненых паняцьцяў прыводзіць яго да іх увасабленьняў, якія часамі падкрэсьліваюцца вялікай літарай: Адвечнасьць, Адзінота. З дванаццаці вершаў першага разьдзелу форма звароту выкарыстана ў дзесяці, а з трыццаці шасьці вершаў другога разьдзелу-у дваццаці пяці.

Вельмі характэрным для А. Гаруна зьяўляецца яшчэ другі прыём, які наогул параўнаўча рэдка сустракаецца ў лірыцы. Поэта часта ўкладвае словы ў вусны пэўных асоб або ўвасобленых зьявішчаў. Так у вершы "Іванку", папікаючы яго за абібоцтва, поэта ўкладвае ў вусны людзей, якія ведаюць Іванку, яго характарыстыку як гультая. У вершы "Эх, сягоньня ў гэту ночку" поэта дае выабражальную прамову, якую ён сам казаў-бы на роднай вёсцы, калі-б мог даляцець да яе. У вершы "Мая Люба" прыводзяцца словы каханай дзяўчыны, у вершы "Матчын Дар"- словы маткі поэты, у вершы, прысвечаным Шэўчэнку- "залатыя словы" украінскага песьняра, якія вецер даносіць да касцоў. У вершы "Навука" даецца прамова настаўніка, які ў сваю чаргу ўстаўляе ў сваю прамову словы Рока. У вершы "Змора" прыводзіцца тое, што шэпча поэту на вуха сон. У вершы ,,Начлег" поэта

  1. Па тым душэўным вопыце, які выяўлен у гэтым вершы, яго цікава супаставіць з вершам Пушкіна "Стихи, сочиненные ночью во время бессонницы". Тэма Пушкіна-бяссонніца сярод ночнай цемры. Тэма А. Гаруна-адваротная: сон душы і розуму ў ясны дзень. Але і ў аднаго і ў другога ў гэтым стане, памежным між сном і дбаньнем, мацней, ніж звычайна, гучыць унутраны голас, у цёмнай таемнічай прамове якога абодва поэты чуюць словы дакору, словы сумленьня.