Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

чуе нечыя словы. У вершы "Слабасьці" словы гэтага ўвасобленага паняцьця прыводзяцца з пачатку ў укоснай, а пасьля у простай форме:

То-ж ты казала мне, каб я, хаця на час,
Зьмірыўся бы, пакуль тыран катуе….
...............
То-ж ты шаптала мне: „успомні, што ты сын,
Пацеха старасьці“.

У вершы „Восень" словы ўложаны ў вусны дрэваў. У вершы "Навакол" прыводзіцца сьпеў, які пяюць вятры. Словы ветру прыводзяцца і ў вершы "Вецер". У „Песьні сонца зварачаецца з прамовай да непаседлівага ветру, а дзяўчына-да таксама непаседлівага каханка.

Характэрная для поэзіі наогул анімізацыя зьявішчаў прыроды ў А. Гаруна выяўляецца, галоўным чынам, у тым, што ён надзяляе іх здольнасьцю да слова. Поэта прыпісвае прадметам тое, што ён лічыць асабліва вялікім і каштоўным. Сваё захапленьне словам, яго мастацкімі магчымасьцямі ён выявіў у вершы "Песьня-звон". Аб вялікай каштоўнасьці роднай мовы для беларускага народу поэта гаворыць у вершы "Ты, мой брат, каго зваць Беларусам".

Калі поэта заўсёды чуе прамовы розных людзей і зьявішчаў, то зусім зразумела, што ён любіць зварачацца да іх з пытаньнямі. Фігура запытаньня-таксама улюбёны прыём А. Гаруна. Часам у яго вершы-разважаньні маюць запытальную канцоўку: "Восень", "Адбітак", "Як ліст вярбінкі маладой" , "Скажы, братухна, калі параньне", "Жыцьцё". Сустракаецца гэты прыём запытальнай канцоўкі і ў вершах, якія ня маюць філëзофскай афарбоўкі: "Журба“, "Вясна“, "Салавейка“. Адзначым і запытальную канцоўку строф, пры чым наступная строфа можа часамі даваць адказ на пастаўленае запытаньне, а часамі не адказваючы разьвінаць іншы мотыў (гл. „Ідуць гады" і „Людзям").

Частыя запытаньні ўносяць у кнігу А. Гаруна пачатак гамлетызму. Гаворачы аб гамлетызьме, я маю на увазе традыцыйнае разуменьне шэксьпіраўскага Гамлета, паводле якога форма запытаньня зьяўляецца асноўнай формай быцьця Гамлета. (Правільнасьць гэтага разуменьня сустракае часамі супярэчаньні). Асабліва адчуваецца гэты гамлетызм у названых вышэй філёзофска афарбованых вершах.

Форма запытаньня, зьвязаная з душэўным станам, калі дзейнічае думка і ня дзейнічае воля, уроўнаважваецца адваротнай формай-формай загаду. Мы знаходзім у А. Гаруна вершы, у якіх ужыта на ўсім працягу загадная форма ("Хай ня льлюцца дажджы цемна-хмарныя"), вершы, у якіх загадны лад ужыты ў форме ахапляючага верш колца — у пачатку і ў канцы ("Ты, мой брат, каго зваць Беларусам") і асабліва часта вершы, якія маюць загадную канцоўку ("Чаму з маленства, з ураджэнства", "Мая Люба“, "Літаньне Адзіноце" і інш.) У вершы "Начныя думкі" паступовае ўзмацненьне волі перадаецца наступным чынам. У пачатку даюцца вобразы, якія ўзбуджаюць жаданьні (зьяўленьне жаданьняў выражана строфай з анафорычным "хочацца"), узмацненьне жаданьняў слоўна адзначана формай звароту поэты да прадмету каханьня, роднага краю (анафорычнае ўжываньне дзеяслова у загадным ладзе "дай мне" на працягу двух наступных строф).

Прыём укладваньня прамовы ў вусны істот, зьявішчаў і паняцьцяў, частыя запытаньні і загады прыводзяць А. Гаруна да дыялёгічнай пабудовы вершаў. Так, у вершы "Іудам" у вусны паноў уложаны лісія словы, якімі яны хочуць ашукаць народ. У далейшым поэта дае ім свой адказ, у якім ён паступова аналізуе іх абяцаньні. У вершы "Nocturno" поэта сустракае ў лесе сваю Нядолю і зварачаецца да яе