Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

з запытаньнямі, на якія яна адказвае доўгай, прасякнутай жыцьцёвай мудрасьцю, прамовай. Дыялёгічную пабудову вершу, у якім поэта ўкладвае словы ў вусны выведзенай ім асобы і адказвае на гэтыя словы, знаходзім мы і ў вершы "Муляру". Верш „Як ліст вярбінкі маладой" зьяўляецца дыялёгам поэты з рачной вадой, якая цячэ ў мора. У вершы "Нязнаны госьць" мы знаходзім прасякнутую запытаньнямі прамову поэты да дзіцяці і яго адказ дзьвюма пэрлінкамі сьлез. Да ўнутранага дыялёгу, дыялёгу поэты з самім сабой, набліжаецца верш "Ідуць гады". Дыялёгічна заканчваецца верш "Завіруха".

Усе разгледжаныя прыёмы-фігура звароту, укладваньне слоў у вусны асоб ці ўвасобленых зьявішчаў і паняцьцяў, фігура запытаньня, фігура загаду, дыялёгічная пабудова вершу-складаюць пэўную сыстэму мастацкіх сродкаў, якая адпавядае псыхолёгіі А. Гаруна, як лірыка.

Чысты лірык хацеў-бы зьліцца з сьветам, абняць сьвет. Немагчымасьць гэтага зьліяньня ўспрымаецца лірыкам як боль. Так званы лірычны струмень, піша адзін тэорэтык поэзіі, ёсьць нешта іншае, як струмень ад я да ты[1]. Такім лірыкам, які кахае сьвет і дзеля гэтага ажыўляе яго, зварачаецца да яго зьявішчаў і паняцьцяў, як да жывых істот, і надзеляе іх дарам слова, і быў А. Гарун.

Другі прыём, якім выключна часта карыстаецца наш пясьняр, гэта-прыём паўтарэньня. Яно сустракаецца у яго ў самых рознастайных формах: эпізэўксісу (простага паўтарэньня), анафары (аднапачатку), эпіфары (аднаканцоўкі), эпанастрафы (стыку), цыклю (колца). У большасьці лірычных вершаў А. Гаруна мы знойдзем тыя ці іншыя формы паўтарэньня. Паўтарэньні часамі зьвязваюць паасобныя паўрадкі і радкі, часамі строфы, часамі організуюць верш у целым (напр. "Начныя думкі", "Хай ня льлюцца дажджы цёмна-хмарныя", "Як ліст вярбінкі маладой" і інш.).

Апрача відаў паўтарэньня, якія навуковая стылістыка адзначае пэўнымі названымі вышэй тэрмінамі, сустракаюцца і іншыя больш рэдкія віды. Асабліва цікавым з гэтага пункту погляду зьяўляецца верш "Змора", весь прасякнуты орыгінальнымі слоўнымі і гукавымі паўтарэньнямі.

Блізкай да фігуры паўтарэньня зьяўляецца фігура зграмаджэньня сынонімаў ці слоў, розных па сэнсу, але выконваючых аднолькавую функцыю:

Што мне багацтва? Бяз грошы, бяз золата,
Быў бы магнат я, кароль багатыр…

Асабліва часта сустракаецца зграмаджэньне трох слоў:

Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы…
І дух непакоры, руіны, паўстаньня…

Часам сэнсавая блізкасьць такіх слоў узмацняецца іх гукавым падабенствам:

Аб чыстасьці, сьвятасьці, яснасьці душ…

Асобым відам паўтарэньня-паўтарэньнем парадку слоў--зьяўляецца сынтаксычны паралелізм, калі ў двух ці больш сказах ужыта аднолькавае разьмяшчэньне іх часьцін:

Хай ня льлюцца дажджы цёмна-хмарныя
Над зьмярцьвелаю пашаю,
Хай пачнуцца гады хлебадарныя
Над зямелькаю нашаю.

  1. H Falkent.Іd. Wort und Scele. Leіpzіg 1913, ст. 80. У пятай главе гэтай кнігі выказаны вельмі тонкія думкі аб каханьні да сьвету як крыніцы лірызму.