Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Сустракаюцца сынтаксычныя паралелізмы, якія зьвязваюць два паўрадкі:

Запомнены праз неба, нязнаны праз людзей.

Часамі такі паралелізм атрымлівае контрасны характар:

Злотам багатыя, сэрцам зьнішчэлыя.

Як вядома, прыём паралелізму часта сустракаецца ў песеннай лірыцы наогул і зьяўляецца ўлюбёным прыёмам народнае поэзіі. Тыпова-народны прыём вобразных паралелізмаў у адмоўнай форме, праведзеных праз увесь твор, мы маем у вершы "Хаўтуры", напр.:

Не на магілкі людзі кахану нясьлі,
А ў цэркву баяры ея павязьлі,

Такім-жа відам паралелізму заканчваецца „Песьня“:

Ой, з-за хмарак ясна слонца
Йшчэ ўзыйдзе,
Да дзяўчынкі-ж любы ў вечар
Больш ня прыйдзе.

Апрача разгледжаных стылістычных прыёмаў паўтарэньня, вялікае значэньне мае паўтарэньне як чыста-фонетычны прыём.

Важным відам гукавага паўтарэньня зьяўляецца рыфма. Сіла А. Гаруна не ў самых рыфмах, а ў іх разьмяшчэньні. Поэта не здавальняецца рыфмай у канцы радку. Мы назіраем у яго выключнае багацьце ўнутраной рыфмоўкі. Вельмі часта сустракаюцца ў яго рыфмы перад цэзурай, якія падкрэсьліваюць дзяленьне вершу на два паўвершы. Большай часткай, у гэтым выпадку рыфмай зьвязаны абедзьве паловы таго-ж самага вершу. Так мы сустракаем у А. Гаруна ў двух вершах радкі з двух анапэстаў, пры чым абодва анапэсты рыфмуюцца. Прывядзём толькі першыя строфы гэтых двух вершаў, у якіх тыя-ж самыя зьвязаныя рыфмай анапэсты гучаць аднак-жа зусім іначай,-больш шпарка ў першым і больш павольна ў другім.

У вершы „Вясельле“:

Гей, гуляй, ня думай,
Не глядзі панура.
Засьпявай, заіграй,
Загудзі віхурай.

У вершы „Ноч“:

У гэту ноч мне ня ў моч —
Няма сілы чакаць і маліцца…
Каб я ўмеў, каб я сьмеў
Узляцець, паляцець, ці разьбіцца.

Такую самую ўнутраную рыфму ў няцотных радкох строфы мы знаходзім і ў іншых вершах, напр.:

Чаму з маленства, з ураджэнства,
Ў жыцьцёвы май,
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?

Унутраную рыфмоўку знаходзім таксама ў першай і трэцяй строфе „Літаньня Адзіноце“.