Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

Асаблівай увагі заслугоўвае вельмі складанае ўжываньне ўнутраной рыфмы ў вершы „Завіруха", дзе побач з сыстэмай рыфмоўкі, занатаванай вышэй, сустракаецца (і пераважае) рыфма, якая зьвязвае канец аднаго радку з канцом наступнага паўрадку:

Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе у вочы
Сьнегавінкі мне; рагоча.

Рыфмоўку, дзе абедзьве рыфмы зьяўляюцца сярэдзінымі, знаходзім у вершы "Змора":

Ня журыся, палажыся, адпачні.
Мардаваньне, сумаваньне адгані.

Нярэдка сустракаюцца і аднолькавыя канчаткі слоў, якія не зьвязаны з пэўнай цэзурай:

Восень халодная, чорная, хмурая…
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна…

Сутракаюцца паўтарэньні складоў таксама ў сярэдзіне і пачатку слоў:

Ты-ж, як матуля, прытуліш і прымеш…

</poem>Сэнсавая блізасьць слоў матуля і прытуліш падкрэсьлена паўтарэньнем складу.

У радку

Потым прыходжу пануры, пахілы

на фоне алітэрацыі "п" і „х" востра ўспрымаюцца дысонансы галосных.

Усе разгледжаныя намі віды паўтарэньня складаюцца ў пэўную сыстэму мастацкіх сродкаў. Што датычыцца псыхолёгічнага асьвятленьня прыёму паўтарэньня, то гэтаму пытаньню прысьвечана цікавая брошура нямецкага дасьледчыка Роберта Лаха[1]. Паводле яго думкі, паўтарэньне ёсьць рэзультат аўтаматызму, які ахапляе нашую псыхіку ў хвілі моцнага ўзрушэньня, калі розум і воля яшчэ ня могуць падпарадкаваць яе сабе. У той-жа час паўтарэньне ёсьць і сродак сконцэнтраваць розум і волю і дзякуючы гэтаму вярнуць страчаную душэўную роўнавагу. Разглядаючы паўтырэньне ў яго значэньні для мастацтва і мовы, Лах лічыць, што паўтарэньне на першых кроках нашае культуры мела вялікае значэньне. Цяпер паўтарэньне захоўвае вялікае значэньне ў музыцы, хаця-ж і тут яго роля зьменшылася. Музыка зьяўляецца, па яго думцы, мастацтвам, у якім найбольш захавалася адзнак архаічнага мастацтва.

Калі стаць на гэты пункт погляду, то вялікае значэньне паўтарэньня у творах А. Гаруна можна растлумачыць, па-першае, сілай яго непасрэднага лірызму, зьвязанага з душэўнай узрушанасьцю, і, па-другое, сувязьзю нашага песьняра з архаічным відам слоўнага мастацтва, з народнай творчасьцю.

Поэтычнае мастацтва А. Гаруна выяўляецца і ў яго досыць рознастайнай і орыгінальнай строфіцы.

  1. R. Lach. Das Konstruktіonsprіnzіp der Wіedertolung іn M.sіk, Sprache und Lіter tur. Wіen. 1925.