Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

Канонічных іменаваных строф мы ў яго не знаходзім, калі ня лічыць вершу, які з вялікай нацяжкай можна было-б аднесьці да сонэтаў. Гэта — „Жыцьцё“:

Жывець спакойна вол пад тым ярмом сваім,
Намуліў карк. Мазолі, скрозь мазолі!
Падкінуць сена жмут — яму й таго даволі,
І льос мізэрны свой ні назаве благім.

Цярпліва зносіць ен нівыгады жыцця:
Ніхай яго часамі злаюць, ліха,
Хай сьвішчэ страшны біч, — пакорліва і ціха
Ідзе разораю. Кіруе ім дзіця.

Жыві-ж, спакойна, вол, хадзі ў сваім ярме,
Цягай плугі і лій свой пот на пана,
Хаця ні ведаеш, якая рэч пашана.
На што яна табе? Сьляпому добра у цьме,
Лягчэй ісьці яму дарогаю жабрачай…

А ты — жывелаў цар? Ці ж ты жывеш іначай?!..

Мэтрыка гэтага вершу з сонэтнага пункту погляду ня вытрымана (шасьцістопны ямб зьмяняецца ўва ўсіх другіх радкох кожнай строфы пяцістопным ямбам); рыфмоўка ў другой строфе іншая, ніж у першай; аднолькавыя словы сустракаюцца ў разных месцах вершу. І ўсё-ж такі ў гэтым чатырнаццацірадковым вершы ёсьць вельмі характэрныя рысы сонэтнае пабудовы. Два катрэны даюць апісаньне вала, што ідзе пад ярмом, пры чым другі катрэн разгортвае тэму першага; дзевяты радок зьяўляецца зваротам да вала, прадмету апісаньня; апошні радок (ключ сонэту) выдзелен як фінальны акорд і зьяўляецца зваротам да чалавека, зваротам, які перакідае ўсё, што было казана, у матар'ял для супастаўленьня і адчыняе сваім ключом запраўдную тэму вершу. Композыцыю гэтаго вершу-4+4+5+1-поэта передае і графічна адпаведным надрукаваньнем.

Заслугоўвае вялікай увагі строфіка вершу "Ідуць гады":

Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод без конца,
Што у небі зорачкі вядуць
Ля месяцу, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць —
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць,
І сьцежкамі якімі?

— «Ніведама мне скуль усе і што я;
Ніведама мне сама сьцежка мая,
Ніведама мне і куды я іду.
Пытання ні маю, ці што там знайду,
Ніведаю жыцце, ці шчасьце, ці не, —
Пачалося гэта, браток, ні на мне».

Ідуць гады, ідуць гады
І з імі усе на сьвеці.
Сягоння ты, а йшлі дзяды,
А заутра пойдуць дзеці.
Ідуць гады і ты ідзеш
У здагонь за імі, з імі.
На што, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?

— „З аднэю я думкай у сьвеці жыву,
Настаунікам узяушы і лес і траву,
Крыніцы і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім.“