Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

Няцотныя васьмірадковыя строфы, якія напісаны шпаркім і адрывачным ямбам, перадаюць зьмену гадоў, што невядома куды вядуць чалавека і ўзбуджаюць у яго душы прасякнутыя незразуменьнем пытаньні аб сэнсе гэтага бязупыннага руху. Адказы на гэтыя запытаньні даюцца ў шасьцірадковых строфах, якія напісаны павольным і пявучым амфібрахіем.

Бязупынны рух. надыход усё новых і новых гадоў, падкрэсьліваецца анафорычным „ідуць“ у кожным з чатырох радкоў ямбічных строф. У пачатку кожнае з гэтых дзьвюх строф даецца агульны об'ектыўны малюнак зьмены гадоў, у канцы робяцца суб'ектыўна афарбованыя вывады ў форме запытаньняў. Запытальныя канцоўкі гэтых строф узаемн зьвязваюцца і ўзмацняюцца сынтаксычным паралелізмам:

Куды цябе яны вядуць
і сьцежкамі якімі?
..............
На што, скажы мне. ты жывеш
і з думкамі якімі?

Таемнічасьць жыцьця падкрэсьлена ў першай амфібрахічнай строфе анафорычным "няведама", у другой-об'ектыўнасьць тэй мудрасьці, якая раіцца поэтай, падкрэсьлена перысолёгіяй-пералічэньнем зьявішч прыроды, якія жывуць паводле гэтае мудрасьці. Чаргаваньне ямбічных і амфібрахічных строф органічна зьвязана з дыялёгічнай пабудовай і з тэматыкай вершу наогул. Ідэëвай важнасьці разгледжанага вершу ў кнізе адпавядае яго мастацкае аформленьне.

Трэці верш, на пабудове якога я спынюся, гэта-"Асеньні спеў":

Пойдзем, каханачка, двое
У лес у густы.
Ціхі, бо скончыў свае панаваньне:
Жоукне, галее, мураўка ў ім вяне,
Чарнеюць кусты.
Пойдзем, галубка, пад дубам
Прысядзем, мая.
Гэным убачым лістоў ападаньне.
Шэлест іх сумны пачуем, шаптаньне,
І звоны руч‘я.
Будзем адны мы на сьвеце
З табою, адны
Тыя, што прыйдзем у часе скананьня
Беднаму лесу сказаць на жагнаньне:
— „Да новай вясны“.

Уражаньне, якое робіць гэты верш, дасягаецца ня толькі нешаблёнавым і мілагучным злучэньнем розных па сваёй мэтрыцы радкоў у строфу, але і гармонічным разьмяшчэньнем слоў і вобразаў. Усе тры строфы пачынаюцца з прасякнутага душэўнай ласкай звароту да каханкі (2 радкі), пасьля чаго даецца вобраз лесу ў час яго блізкага скону (тры наступныя радкі); увесь верш заканчваецца сумным і ласкавым зваротам каханкаў да лесу:- "Да новай вясны", -зваротам, якім дасягаецца злучэньне абедзьвюх тэм вершу. Ласкавасьць зваротаў да каханкі ўзмацняецца ў другой строфе інвэрсіяй слова "мая", у трэцяй строфе-паўтарэньнем слова адны".

Апрача разгледжаных трох вершаў, орыгінальную строфічную пабудову знаходзім у вершах "Песьня-звон", "Навакол", "На сьмерць", "Літаньне Адзіноце", "Салавейка".

Спынімся і на тых сторанах слоўнага мастацтва нашага поэты, якія робяць адмоўнае ўражаньне. Адзначым: