Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

У вершы „Думкі — дыямэнты“ ён хацеў-бы перад сьмерцю, як лебедзь, запець сваю перадсьмертную песьню і ўзьляцець над зямлёй:

Хай засьпеваю аб сьне залатым.
Веку людзкога радства.
Роунасьці, вольнасьці, брацтва, — аб тым
Веку красы хараства.

Можа, пачуушы прадзгонны мой сьпеў,
Сьціхла-б на сьвеці вайна…
З радасным духам-бы я паляцеў,
У царство кахання, відна.

У вершы „Ноч“ ён выяўляе жаданьне падняцца на страшэнную вышыню, дасягнуць неба і ўзяць ці украсьці там адпушчэньне сабе і ўсім ці, калі гэта ня ўдасца, упасьці і паламаць сабе крыльле. Але поэта ўсьведамляе, што ён асуджаны на бяскрылае жыцьцё:

Ня пры нас сьвяты час
Вызваленьня людзкога настане;
Мо‘ праз век чалавек
Да вялікага жыцьця устане.

Без бяды, бяз жуды
Будзе жыць-панаваць, весяліцца;
А для нас — цяжкі час
І чакаць, і цярпець, і маліцца…

Мару поэты аб крыльлі падмацоўвае пачуцьцё вялікай інэртнасьці, якая робіць наша жыцьцё шэрым і бясфарбным. Гэтую інэртнасьць ён знаходзіць ня толькі ў знадворным сьвеце, але і ў сваёй душы. Поэта піша верш "Слабасьці", ён шле ёй пракляцьці, ён абвінавачвае яе ў тым, што яна апутала яго дущу ганебным сном. Гэтае акунаньне душы ў сонны стан ён выявіў у вершы "Начлег". Душа, засыпаючы, з пачатку яшчэ чуе укоры сумленьня, але гэты голас змаўкае.

Вялікая інэртнасьць людзкіх душ зьяўляецца тэмай жарту "Каму што". Спакойна і цярпліва ідзе вол пад ярмом, і ці ня так жыве і чалавек? ("Жыцьцё").

Гэтай інэртнасьці трэба супроцьставіць іншыя творчыя адносіны да жыцьця. Поэту ён просіць пець аб горы і падмацоўваць у нас пачуцьцë гаротнасьці нашага лёсу:

Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы.
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.

Зьвяртаючыся да беларускага народу, ён заве яго скінуць з сябе путы апатыі, заве ісьці да будучага народнага шчасьця.

У вершы "Муляру" ён зварачаецца да рабочага, хоча адвесьці яго ад бязыдэйнасьці штодзеннага жыцьця да творчасьці будучыны.

Перамагчы закон цяжару, пракляцьце інэрцыі, грэх роўнадушша — вось дыдактычная старана гэтае лірыкі, прасякнутай марай аб крыльлі.

ІІІ

Пяройдзем да характарыстыкі тых мастацкіх сродкаў, якімі карыстаўся поэта, каб выявіць свой душэўны сьвет. Поэта умеу знайсьці адпаведныя сваім думкам і пачуцьцям мастацкія сродкі. Мы маем шэраг вершаў, якія радуюць упяршыню дасканаласьцю слоўнага выразу пэўных псыхічных станаў; стан чалавека, што напіўся ад адчаю у "Вясельлі", змораннасьць, якая хіліць да сну, у „Зморы", роўнадушша,