Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

чынам згушчалася вакол яе зьместу. Аб форме ніхто не хацеў казаць, разумеючы, што яна бясспрэчная.

Датыркаючыся „Босыя на вогнішчы“, і крытыкі і судзьдзі стараліся як найпаўней выявіць у ёй яе пролетарскую сутнасьць. Тут ня будзе лішнім спыніцца крыху на зьмесьце крытыкі поэмы, як на выдатным моманце ў гісторыі беларускай літаратуры. Проф. У. Ігнатоўскі у сваім крытычным нарысе „Босыя на вогнішчы“, даданым да поэмы, так адзываецца аб гэтым творы М. Чарота. „Выдатнейшым па форме і зьместу творам песьняра зьяўляецца поэма „Босыя на вогнішчы“. У гэтай поэме аўтар сконцэнтраваў, як у крыштале, усе свае думкі і пачуцьці, і яна яшчэ чакае свайго філёзофскага і мастацкага разгляду… Поэма дае нам абгляд усясьветнай сучаснай рэволюцыі ў тым відзе і ў тым настроі, як яна адбывалася і перажывалася ў нас на Беларусі. „Босыя“ (лапкі Ў. Ігнатоўскага) запалілі ўсясьветнае вогнішча, усясьветны пажар. Беларусь у часе гэтага пажару апынулася на мяжы яго. Гасіцелі пажару шмат разоў душылі рэволюцыю ў Беларусі крывёю рабочых і сялян. Рэволюцыя на Беларусі перарывалася белымі окупацыямі чужаземнага капіталу, што налажыла на падзеі рэволюцыі на Беларусі асаблівую мясцовую пячатку“.

Далей ідзе растлумачэньне ды ілюстрацыя выняткамі з поэмы тых пэрыодаў у жыцьці Беларусі і тых найяскравейшых здарэньняў з рэволюцыі, якія песьняром зачэплены ў сваёй поэме.