Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

каналіцца ў тэатральным мастацтве, ён з восені 1921 году залічаецца ў беларускую тэатральную студыю ў Маскве. Але ў студыі М. Чарот працуе ўсяго да восені 1922 году, калі парывае з думкаю аб тэатры і варочаецца ў Менск, дзе зноў ідзе на газэтную працу. Калі залажыўся часопіс „Полымя“, ён прызначаецца сябрам рэдакцыйнае колегіі…

Да гэтага ў наступным 1923 годзе М. Чарот к памянёнай працы далучыў сабе новыя абавязкі аформленьне першага беларускага пісьменьніцкага аб‘яднаньня „Маладняк“.

„Маладняк“ паставіў сваёю мэтаю згрупаваць вакол сябе выяўленыя маладыя сілы ў беларускай літаратуры, выхаваць з іх кадры пролетарскіх ідэолёгаў у ёй, паставіць далейшае яе разьвіцьцё водлуг разьвіцьця соцыялістычнага будаўніцтва. Адначасна „Маладняк“ узяў на сябе заданьне „пераацэнкі каштоўнасьцяй у поэтаў-нашаніўцаў“. І нарэшце, дадаў да сваіх функцый вынаходку новых літаратурных здольнасьцяй сярод моладзі, гуртуючы апошнюю вакол „Маладняка“ і маладняцкай літаратуры.

Трэба заўважыць, што для выпаўненьня гэткіх шырокіх заданьняў патрабавалася многа сіл і стараннасьці. М. Чарот меў іх у сябе, а таму рашуча і здаволена аддаўся гэтай адказнай працы. Зразумела, што гэта праца пачала адбівацца на яго літаратурнай рабоце. Грамадзкія элемэнты выпіралі наперад і адсувалі назад элемэнты літаратурнай творчасьці.