Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

Тым ня меней вартасьць іх ні на макава зерне ня зьніжаецца. Глыбіня думкі і прыгожасьць музычнасьці, намнога ўдасканаленая М. Чаротам, — вельмі трапна адбіваюць паглыбленьні соцыялістычнасьці самое працы і набытую поэтычнасьць яе вольнасьці.

Паглядзі: на полі вораным
Сьлед праложан калясом.
Селянін ідзе нязмораным,
Корміць глебу ён аўсом,
І з сяўні за жменяй жменяю…
Шум насеньня, як дажджа.
Хоць загон блішчыць каменьнямі,
Верыць, будзе ураджай.
Ён палетак свой узораны
Барануе, рве дзірван.
За канём ідзе разораю.
Над сваёю працай пан[1].

Выразныя, пукатыя вобразы, закончаныя, адрывістыя сказы і рытм поўнасьцю перадаюць сутнасьць і настрой працы творчасьці. Кожнае слова западае ў сэрца і пакідае па сабе сьлед. Бо ў гэтых словах, апроч сілы і суцэльнасьці настрою, яшчэ заложана і глыбокая ідэя. Гэта ідэя — адраджэньне індустрыяльнай сельскай гаспадаркі, экономічная рэволюцыя ў вёсцы. Вызвалены з політычнай і соцыяльнай няволі селянін мусіць вызваліцца і з абцугоў векавое закажанеласьці, някультурнасьці, прымітыўнага ўкладу жыцьця.

  1. Полымя№ 3-4, люты—сакавік 1923 г.