Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

дачкі карчмара. Поэту сустрэлася яна на жыцьцёвай дарозе, каб усхваляваць яго палкую душу і ўзбагаціць маладое пачуцьцё. Абставіны падобнага каханьня паміж беларускай і яўрэйскай моладзьдзю ў дарэволюцыйныя часы справоджваліся непераможнымі перашкодамі з боку амярцьвелых законаў яўрэйскае і праваслаўнае рэлігій. Асабліва варожа ўганялі гэта яўрэйскія рэлігійныя законы.

Дзякуючы гэткім цяжкасьцям каханьне заўсёды набывала вялікую вострасьць і пікантнасьць, канчаючыся звычайна трагедыяй. Сварылася маці і на Рахіль, кажучы:

На каханьне, Рахіль, будзь ашчоднай.

Але гэта нічому не памагала. Рахіль не астывала ў любасьцях да сялянскага хлопца, плачучы і адракаючыся бацькавай веры. Будучага поэту гэта моцна хвалявала, усё-ж каханьне вылілася ў адзін эпізод пясьнярскага роману…

І гэты эпізод быў асабліва яскравым і палкім, пакінуўшы па сабе месца ў нутры поэты.

Уласна кажучы, увесь зьмест карчомных абставін, цесна зьвязаных з жыцьцём М. Чарота, разгорнуты ім фонам для больш рэльефнага акрэсьліваньня соцыяльных зьявішч у іх паступовым разьвіцьці. Скрозь ружовасьць любоўных настрояў поэта выразна заўважыў цёмныя бакі існуючага ў той час ладу.

Цяжка мне… і Шлёме нялёгка,
Мне падаткі, а Шлёме — акцыз,
І вураднік жыве недалёка…
Лёс адзіны над намі навіс…