Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

Горад і вёска, вёска і горад у іх жыцьцёвым пераплёце — вось канва поэмы М. Чарота „Беларусь лапцюжная“.

Да рэволюцыі гэта найважнейшае пытаньне ў беларускіх умовах вырашалася з-пад сякеры і пугі. Бедная беларуская вёска, як рэзэрвуар дарэмнае прыгоннае працы для падначаленага рускаму чыноўніку, польскаму пану і яўрэйскаму купцу гораду. З другога боку — расійская офіцыяльная культура і польская панская культура — у горадзе, а ў вёсцы — хамская мова для пакорлівай, гасьціннай гутаркі. Ад Слуцка ці Барысава (спраўнік) праз Менск (губарнатар), Вільню (генэрал-губэрнатар) — у Пецярбург, да Зімніх палацаў — вось як працягалася стужка дзяржаўнага рэгуляваньня… Кастрычнік разбурыў дашчэнту і раскідаў па кавалачку гэтыя драбіны самадзяржаўна-панскага прыгону. Вёска ў цесным яднаньні з горадам рукамі рабочых і бяднейшых сялян заклікана жыцьцём да паяднанай зьлітнай працы для будаўніцтва соцыялізму.

Прыгожасьць гэтае злукі — гэткімі мулямі адбівае ў сваёй поэме М. Чарот:

Горад дымны і вёску ў шэрані
Злучыць у адно — вышлі першымі.
Сьпевам-морам
Поле залілося…
Грукат фабрыкаў, рогат іх труб,
Сінь прастору
Шэпчацца калосьсем, —
Вёска з горадам едуць браць шлюб!