Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

жыцьцё і яго зьявы ў дынамічным калыханьні. Ня гледзячы на гэта, чытач поўнасьцю ўяўляе сабе абставіны, зьмест і мэты, з якіх складаецца апавяданьне.

Паступова як форма, гэтак тэма і складанасьць конструкцыі ў Чаротавых апавяданьнях заўважна багацеюць. Здольнасьць яго, як бэлетрыстага, вочавідкі расьце. Гэта вельмі ясна паказана разьмяшчэньнем твораў у зборніку „Веснаход“.

Калі новэлі „Пасьля буры“, „Самалёт“, „Кірмаш", „Споведзь самагоншчыка“ аддаюць прастатою формы і пабудовы, то „Талачка-шкрабалачка“, „Саматканая сьвітка“ і „Галя“ прадстаўляюць ужо сабою цэльныя, сакавітыя і цікавыя гісторыі жыцьця. Пры гэтым характарна, што М. Чарот у іх зьяўляецца сталым майстрам пабудовы сюжэту і распрацоўкі інтрыгі. Гэтыя яго апавяданьні, што называецца, захопліваючы і цікавы…

Разгледзім з большага кожнае з памянёных трох апавяданьняў. У „Талачка-шкрабалачка“ выводзіцца эпархіялка Талачка Сьвяньціцкая, лепшая ў школе вучальніца. Яе любяць настаўнікі і настаўніцы, ставячы яе ўсім вучальніцам у прыклад.

Талачка — прыгожая дзяўчына. Яе бацька — вясковы поп Еўдакім, які „за богу угодныя малітвы“ атрымаў чын папа. Загэтым ён сваю дачку выхаваў у „суровых канонах“. Зразумела, жыцьцё дзяўчыны ішло марудна і аднатонна. Гэта прымушала Талачку