Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/242

Гэта старонка не была вычытаная

Увогуле, абодва песьняры вытрымалі свой першы дэбют на славу.

Што патрабуецца для таго, каб на далейшае іх выступленьні ўносілі новыя дадатнасьці і ў іх зьмест і ў іх якасьць, і ў іх дасканаласьць? Дзеля гэтага, панашаму, ёсьць некалькі абумоўленьняў. З іх першае — не адыходзіць ад абранага напрамку, які ў іх прэвалюе ў бок рэалізму. Рэволюцыйны рэалізм — зараз сугучны моманту вялікага перабудаваньня жыцьця, сугучны настроям, стану і імкненьням працоўных гушчаў. Адбітак усяго гэтага дае нявычарпаны скарб для натхненьня, для ператварэньня гэтых элемэнтаў у вобразы нязвычайнай сілы.

Падругое, нашы песьняры павінны помніць аб нясупыннай насытнасьці свайго сьветапагляду. Адных пачуцьця і натхненьня не надоўга хопіць. Пачуцьцё ды натхненьне аднаўляюцца і ўзбагачаюцца ў процэсе паглыбленьня ведаў, у процэсе сутыканьня з большым лікам жыцьцёвых зьявішчаў і іх выяўленьняў…

Гэты бок, наогул, балючы ў беларускай літаратуры. Старэйшае пакаленьне пісьменьнікаў гартавалася ў змаганьні з ліхімі абставінамі жыцьця. Апошняе да таго было бесспагадным да іх, што не давала жаднае мажлівасьці тым ці іншым абагаціць беларускую літаратуру, прыдаць ёй большую сілу ды глыбіню. Бо ўсякае пашырэньне і ўзмацненьне беларускае літаратуры ў дарэволюцыйны час азначала падрыў, небясьпеку тагочаснаму ладу, жыцьцю.