часопісі „Маладняк“ пад заглаўем „Ад усебеларускага аб‘яднаньня поэтаў і пісьменьнікаў „Маладняк“, тыя маладнякоўцы, што асталіся ў аб‘яднаньні, пісалі: Выхад з „Маладняка“ часткі пісьменьнікаў азначаў сабою суб‘ектыўна — капітуляцыю перад труднасьцямі перагрупаваньня організацыйных і творчых сіл, перад труднасьцямі пераходу на новыя, больш цяжкія, хоць мо‘ і больш спакойныя, позыцыі об‘ектыўна — адыход ад правільнае лініі ў справе будаваньня беларускае пролетарскае літаратуры“ (курсіў наш. — З. Ж.). І далей маладнякоўцы вось як характарызуюць ідэолёгічнае credo узвышаўцаў — сваіх ранейшых сяброў і супрацоўнікаў: „Выстаўленьне (узвышаўцамі), як асноўнай задачы сучаснае літаратуры, „выхаваньне новага чалавека-грамадзяніна, чалавека соцыялістычнае грамады“, што абазначае падмену ясных задач пролетарскае літаратуры, літаратуры пераходнае эпохі дыктатуры пролетарыяту туманнымі ідэямі літаратуры па-заклясавае, што, па сутнасьці, абазначае адмаўленьне пролетарскае культуры наогул. У сваім лёгічным разьвіцьці гэта тэорыя прыводзіць да шуканьня такога мастацтва, якое не кіравалася-б „усякімі пабочнымі інтарэсамі і патрэбамі таго ці іншага дня або той ці іншай грамады людзей, якую мастак выражае ў пісьменстве“. Адсюль ужо адзін крок да агалашэньня лёзунгу „мастацтва для мастацтва“.
Сваю далейшую працу „Маладняк“ у тым жа артыкуле-звароце абгрунтоўвае на гэткіх прынцыпах: