На працягу ўсяго апавяданьня — цісьне чытача важкасьць „абрысаў цяжкіх гор“, сумных жудасных абразоў… Сярод іх безьліку тануць крохкія намёкі на вясёласьць, якую цісьне журбота, на сьвятло, што яго туманіць змрок, на радасьць, агорнутую сумам…
Гэткім паветрам ахутаны ў зломе узрокаў Кузьмы Чорнага „камандныя высоты“ Узвышша. Што на іх угледзіш? Усё, толькі ня скрыжалі, што іх абяцалі беларускай літаратуры жыхары Узвышша. На гэта не намякае нічога ні ў аддзеле прозы часопісі „Узвышша“, ні ў гэткім-жа па разьмеру аддзеле вершаў. Мэлёдыі У. Дубоўкі „Наля“, што імі пачынаецца аддзел, мэлёдыі асобае якасьці… у кожным разе маладаступныя для вуха беларускага чытача. Шостая і сёмая з гэтых мэлёдый болей падобны на какофонію, ніж на мэлёдыю. І толькі дзевятая, andante, апавядае і назьве і настрою… Дзевятая мэлёдыя, наогул, сьведчыць нам, што поэта ня чужы гармонійнасьці, знаёмы з вібрацыямі тонаў і можа насычыць свае гукі багатаю сакавітасьцю… Але чамусьці ён занядбайвае звычайнымі тонамі і шукае абертанавое гучлівасьці, якая чытачу пакуль мала патрэбная. Занадта багата музыка тонамі звычайнымі, каб даць на сваіх комбінацыях выявіць здольнасьць любога мастака. Пажадаем яму не адрывацца ад настрою дзевятае мэлёдыі ў „Налі“. Яе бадзёрыя акорды блізкі і мілы нашаму вуху. Яны адны бадай што з усяго ў нумары першым „Узвышша“ — завуць на ўзвышша…