Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

Я ЖЫЦЬ ХАЧУ

Я жыць хачу, як піць ад смагі:
Я жыць хачу, як сонца ў холад!
Я жыць хачу і повен прагі
Жыцьця, бо ‘шчэ здароў і молад.

Бягучы час, дзянькі, хвіліны
На пальцы пільна я лічу,
І шкода кожнай мне часіны,
Што ўжо прашла, бо жыць хачу.

Я ў даль глухую пазіраю,
За зданьнем выдумным лячу,
Аб днёх шчасьлівейшых гадаю
І жду іх, жду, бо жыць хачу!

Хачу квятоў, хачу вясельля,
Хачу прыгожых абразоў,
Любошчаў палкіх, хмелю-зельля,
Забыўнай ласкі — кайданоў.

Ўсю зелень поля, сьветласьць сонца,
Весь пах квятоў, весь рэчак цёк
вабраць ў сябе і ў іх бясконца
Купацца дні — ў сьвятло і ў змрок.

Каб знаць, што я жыву, як трэба,
Ня доўг, ня службу валачу, —
Я зораў бляск, прастораў неба,
Свабоды буйнае хачу.