Старонка:Урачыстыя дні (1930).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

— А хіба ня бачыў? — тады выбачай!..
Глядзі і любуйся на рэйкі:
улетку тут пройдзе з вакзалу трамвай
(білет каштавацьме капейкі).

— А вось паглядзі, падзівіся адно:
будынак, чатыры паверхі;
тут трыста, а можа і болей вакон,
і скрозь дубальтовыя дзьверы.

— А далей — будынак на сорак кватэр,
а далей — на семдзесят соцень!..
(Ня верыш, чытач і таварыш? — павер:
дзяржбуд будавацца ахвоцен).

— А вось паглядзі — збудавалі палац,
завецца ён — Дом Селяніна…
— Пакінь ты марочыць, пакінь бузаваць,
бо ясна — ўзрастае краіна!

Таварыш дзівіўся, дзівіся, чытач!
Мы працы штодзённай ня бачым,
праходзім удоўжкі і ўпоперак пляц
і нашых сьлядоў мы ня значым.

А ўсё ж такі сьцелюцца густа сьляды,
сьціраюць асфальт і каменьне,
і пройдуць чаргою жывою гады,
І скемім хаду ў вокамгненьне.

І дзіўным падасца, што нехта такі
прайшоў сваёй цяжкай хадою,
парушыў асфальт і каменьняў радкі,
і будзем дапытвацца: хто ён?