Старонка:Успаміны Лявіцкая Бадунова.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

Многа гарачых прамоў гаварылася там, дэклямаваў адрыўкі з Бутрыма Няміры сам аўтар, Аляхновіч, сьпявалі беларускія рэвалюцыйныя песьні.

Пад канец вечару загаварыў і А. Бурбіс. Гэта яго прамова назаўсёды засталася ў маёй памяці. Гаварыў ён прыблізна гэтак:

— Некалісь мы з цёткай Пашкевічанкай хадзілі па Менскіх хвабрыках і заводах і звалі ўсіх работнікаў да забастовак. Цётка памерла. Засталіся другія. Мы сядзелі за гэта ў Менскім вастрозе. А выйшаўшы, ня кінулі, не апусьцілі ў гразь наш рэвалюцыйны чырвоны штандар.

Не, мы зноў паднялі яго высока і панясьлі к народу, клічучы яго на змаганьне за волю, за землю, за роўнасьць людзкую.

Мы аслабелі ў гэтыя часы, сілы часта нас пакідаюць, змаганьне, голад і турмы змучылі нас, высушылі нашы грудзі. Некаторыя мае сябры ўжо пакінулі гэты сьвет. Але-ж мы стварылі вас, новых маладых працаўнікоў. Вы выйшлі нам дапамагчы, нас замяніць.

Памятайце-ж, ня кідайце і вы рэвалюцыйнага сьцягу, пакуль ня скажа наш народ і другія прыгнеценыя народы: Мы вольныя і роўныя! Гдзе той хто прыгнятаў нас! Ня кідайце рэвалюцыі, пакуль ня скінеце сусьветны капіталізм. Пакуль ня зробіце так, каб больш ня ліліся сьлёзы гаротнікаў сялян.

Аб суседзях нашых скажу вам. — Маскалі і палякі нас хочуць зьесьці. Няма ў нас паміж імі прыяцеляў, не запамінайце аб гэтым ніколі.

Польскія паны і ксяндзы стараліся загубіць наш народ, — прышчапляючы нам каталіцызм, цягнулі яны нас да палякаў. А маскоўскія чыноўнікі, стаўленьнікі рускіх цароў, стараліся пераканаць наш народ, што ён не беларускі, а рускі.

Няхай-жа загінуць тыя, хто хацеў загубіць нашу нацыянальную душу!— дакончыў ён гэтак сваю незабытную прамову.

Спатканьне ў 1920 годзе.

Гэта было ў Маскве, куды я прыехала з Менску, уцякаючы ад польскіх жандараў. Шмат пытаньняў тутака ў Маскве трэба было мне разьвязаць. А. Бурбіс быў у гэтыя часы за-партыйным, але праца яго, як сацыяліста і адраджэнца, ня спынялася.

У шмат якіх справах дапамагаў ён мне. Кожны дзень пытаўся, як і што робіцца, які скутак дае маё тутака жыцьцё і мая палітычная праца. Іншы раз нападала на яго цяжкая задума, ці выйдзе што-колечы з усёй нашай працы, ці падымецца народ з цяжкай нядолі сваёй. Тагды ўжо я старалася падняць у ім веру ў дзела народнае.

Часамі слабеў яго дух і цяжкія думкі клалі глыбокія маршчыны на яго нахмуранам чале, але ўсёж-такі ён ня спыняў сваей працы, не складаў рук.

Яму было даручана напісаць даклад аб Беларусі. Даклад павінен быў ахапіць усё беларускае жыцьцё, як эканамічнае, так і другія галіны гэтага жыцьця.