Старонка:Усім патроху… (1930).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

Пачнем з Астраўка, дзе, як піша Мікола,
Патрэбен ратунак ад п‘янай хваробы,
Бо п‘юць тут цяпер да таго навакола,
Што рвакамі лезуць праз горла вантробы…

Мо‘ хлопцы, як кажуць, крыху і зьнячэўку
Назапускі гэтак, напрыклад, хапілі,
Што ў роце сагнала дзесятую плеўку
І чэрці хвастом у кішкох закруцілі!

На гэтым ня стала: палезьлі у школу
Зусім на карачках, ня вяжучы слова,
І школу ўрабілі — дальбог — як стадолу:
За цэлую зіму ня ўробіць карова!

Бо так напаскудзілі, так наблявалі —
Скажу па-сялянску для большай адзнакі, —
Што сьвіньні тры тыдні па іх балявалі —
Аж нельга было адагнаць без сабакі…

Чытаць нават брыдка… Ня пекны малюнак…
Але не сярдуйце — з натуры узята…
Няхай жа паслужыць хоць ён на ратунак
Ад пошасьці п‘янай для нашага брата!

Пасунемся далей… Нідзе асалоды!
У кожнай акрузе, у кожным раёне —
Вазьмі Гацукі, Русакі, Пераходы —
Таксама нядобра на нашым загоне…

Нічога ня будзе бяз почаснай пугі,
Трэ‘ моцна урэзаць зладзеяў па пятах,
Бо, проста, зусім ашалелі латругі
І бровары робяць па гумнах і хатах…