Старонка:Усім патроху… (1930).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Агонь падкладаюць сабе і другому…
Ці-ж многа патрэбна бядзе для пачатку?
Адну толькі іскру ў сухую салому, —
І полымем вёска уся без астатку!

Такога злачынства, як кажуць, ніколі
Ня зробіць і дурань апошняга сорту…
І рада адна ад такое сваволі, —
Ніякае літасьці гэткаму чорту!

Хай лепей у вастрозе згніе і загіне,
Вяроўку — бязглузды! — завяжа на карку,
Бо — ўспомніце самі — бяз хаты пакіне
І згубіць суседзяў сваіх цераз чарку!

Адгэтуль мой шлях паварочвае проста
Туды, дзе і гоняць і б‘юцца бяз меры,
І моладзь настолькі заела кароста,
Што справа дайшла да нажа і сякеры…

Было ў сакавік тут такое здарэньне:
Старыя п‘янюгі спраўлялі гулянку,
І гэта дурное гнілое карэньне
Ліло ў сваю торбу за шклянкаю шклянку!

Усьлед за старымі і моладзь ня спала:
Трыбух наліла свой па самую паху
І так загуляла, што вёска дрыжала,
І воўкі у лесе падохлі ад страху…

А далей такое, што й сэрцу нязносна —
Старыя схапіліся ў грудкі з сынамі:
Лабацінай — ў сьцену! Патыліцай — ў кросна!
І дзікім нахрапам за горла рукамі!