Старонка:У братоў-украінцаў (1936).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

I. арганізацыйнай, II. сельска-гаспадарчай, III. культурна-асьветнай, IV. узгадаваньне дарастаючае жаноцкае моладзі, V. здароўе, VI. руплівасьць аб чысьціні мовы, перахоўваньне народных традыцыяў у хаце, вопратцы.

Управа цераз кіраўнічак паасобных аддзелаў вядзе акцыю ў філіях і гуртках. Разнаякія курсы — пачынаючы ад кухарскіх, трыкотарскіх, а канчаючы на курсах гісторыі, мовы і г. д. — вось плошча, у якой праводзіцца рэалізацыя мэтаў, якія сабе ставіць жаноцтва.

Арганізацыя „Саюз Украінак“ — агульна нацыянальная: не партыйная. Найвышэйшая мэта яе — дабро нацыі, ейнае разьвіцьцё.

На сваім шляху, меў і мае Саюз рознаякія заміны. Закідаюць адны, што жанчына можа працаваць у іншых агульных установах, не патрэбны падзел на жанчын і мужчын, што фэмінізм сяньня анахронізм.

Іншыя хочуць накінуць сваю партыйную фірму, яшчэ іншыя закідаюць — чаму арганізацыя стаіць далёка ад царквы і г. д. Кожны дзень працы Саюзу, незалежна ад тэорэтычных паглядаў і разважаньняў, ёсьць яркім доказам, што лінія украінскага жаноцтва правільная, што гэта жывая ўстанова, якую жыцьцё паклікала і што на шляху змаганьня дзеля нацыі украінскае жаноцтва, як асобная група, пакіне вялізарны сьлед. І ня трэба лепшых доказаў, як сьвяты сялянкі, ладжаныя паасобнымі філіямі, дзе тысячы жанчын, дзяўчат, маладзіц, на‘т старых бабуляк, робяць агляд сваіх дасягненьняў у плошчы культуры духовае і матэрыяльнае, зьдзейсьненых у працягу году, каб сказаць, што іхны шлях правільны і што яны гарой.