Старонка:У братоў-украінцаў (1936).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

МІТРАПАЛІТ ШАПТЫЦКІ.

Чым Папа ў Рыме, тым Мітрапаліт Шаптыцкі ў Львове. Не пабачыць Яго, значыцца ня мець цэлага Львова. Волат у даслоўным сэнсе слова і волат духа — трывае здаецца бяззьменна на сваём становішчы за памяці двох пакаленьняў. Жывая традыцыя далёкіх стагодзьдзяў, патомак слаўнага роду, стануў у рады змагароў за новую пару Украіны і зьяўляецца сымбалем слаўнае мінуўшчыны і сьветазарнае будучыні. „Няма другога чалавека ў украінскім сьвеце, як Мітрапаліт. Няма паміж украінскім грамадзянствам больш заслужанай адзінкі, як Ён. Няма паміж усей украінскай зямлі другога павадыра з гэткім моральным аўторытэтам…“ („з нагоды юбілею Мітрапаліта,“ часапіс „Жінка.“)

Старое знаёмства нас беларусаў з Мітрапалітам. У далёкім Львове Ён умеў згледзіць першыя спробы нашага Адраджэньня і сваім аўторытэтам, радаю, помаччу падтрымліваў кожны наш пачын. Ён умеў чуткаю душою зразумець нашыя злыбеды, умеў падтрымаць веру ў перамогу. Гісторыкі калісь усебакова ацэняць Ягоную ролю і ўсходнія пляны на асноведзі карэспандэнцыі і гутарак з дзеячамі беларускімі.

Што ж тады казаць аб Ім у адносінах да украінскага адраджэньня?! Ад мамэнту калі, будучы 34 гадовым маладым чалавекам, заняў Ён у 1899 г. эпіскапскі пасад у Станіслававе і далей праз некалькі гадоў стаўшы Мітрапалітам Галіччыны, ня было і няма ніводнае працы, дзе ня бачылі-б мы Ягонага прозьвішча.