Старонка:У братоў-украінцаў (1936).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

УКРАІНСКАЯ КООПЭРАЦЫЯ.

Хто беспасярэдна сустрэўся з сяньняшнім украінскім жыцьцём у Галіччыне, той згодзіцца, што ня можна гэтага жыцьця прадставіць без коопэрацыі. Хто-ж з гэтым жыцьцём папрабаваў пазнаёміцца, той ня можа абараніцца ад думкі, што украінец ёсьць коопэратарам ад прыроды. Ня ёсьць гэта пахвала, але толькі сьцьверджаньне жывой праўды.

Коопэратыўны рух на розных украінскіх землях будзіўся ў розных формах і разьвіваўся з рознай сілай. На Вялікай Украіне (ў Наддняпраншчыне) коопэрацыя найперш праявілася ў форме супалак спажывецкіх: у 1865—66 г. у Епізавеце (Херсоншчына), у 1866 г. у Харкаве. Працавалі там М. Балін і М. Зібэр. Працоўныя коопэратывы ў форме земляробскіх арцеляў арганізаваў В. Левитський. З ідэолёгаў Наддняпранскай Украіны, апрача ўжо ўспомненых, трэба зазначыць такія імёны, як М. Драгоманів (1841—95), В. Доманицький, Хр. Барановський, ведамы эканаміст М. І. Барановський, які пад канец свайго плоднага жыцьця († 1919) прыймаў дзейнае ўчасьце ў украінскім жыцьці.

У Галіччыне (у той час пад Аўстрыяй) першым украінцам, які выступіў з думкай коопэратыўнага будаўніцтва, быў В. Нагірний (1848—1921), які так жа пачынаў з коопэрацыі спажывецкай. На грунце украінскай коопэрацыі крэдытовай першыя падставы клаў Др. Т. Кормош († 1927). Малачарскую коопэрацыю ўрэшце паставіў на цьвёрдыя ногі сьвяшчэньнік Астап Нижанківський (забіты ў 1919 г.).