Старонка:У братоў-украінцаў (1936).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

Такіх зьездаў дагэтуль было чатыры. Зьезды вельмі папулярныя сярод сяброў арганізацыі. У Львове толькі дробная жменька лекароў-украінцаў (каля 40 на агульную колькасьць 400). Большыя згуртаваньні на правінцыі адчыняюць філіі лекарскага Таварыства.

Цікуючы аб грашовай помачы сваім сябром, Таварыства зрабіла агульную ўмову з асэкурацыйнаю інстытуцыяю, а ад 1931 г. бачым коопэратыву „Лікарська Самопоміч,“ пакліканую з тою самаю мэтаю.

З думкаю аб тым, каб паправіць здароўе і з думкаю аб тых будучых пакаленьнях заснована з пачыну Лекарскага Таварыства „Украінскае Гыгіенічнее Таварыства.“ Гэнае апошняе Таварыства вядзе тубэркулёзны дыспансэр, амбуляторыі, спартовыя парадні, кліматычныя станцыі. І ў барацьбе з адным з найбольш страшных ворагаў — гарэлкаю, лекары йдуць у першых радох. На чале адумысловага „Відроджэньня“ стаіць лекар-жанчына.

У Таварыстве працуюць людзі розных палітычных і соцыяльных паглядаў. Яно штораз больш расьце, а на будучыню яго можна глядзець спакойна, калі будучыя лекары — мэдыкі з „Мэдычнае Грамады“ гэтак кажуць аб задачах лекара: „Пад саламяныя стрэхі сялянскіх хатак, у гнілую атмасфэру гарадзкіх сутарэнаў, у скромныя сьцены народных лякарнаў нясьці помач і лек, нясьці здабычы веды і практыку працоўнага жыцьця — вось мэты сапраўднага лекара украінца, які не ўважае, што мае выключна зарабляць грошы, але бясплатна нясе помач і пацяшае там, дзе гэтага найбольш трэба, сэрца і розум адчыняе для ўсіх, хто церпіць і хто няшчасны, ня гледзячы на тое, ці ён багаты ці бедны.“ (Юбілейная кніжка Л-га Таварыства).

Сапраўды можам не баяцца за украінскі народ, калі ён меціме такіх лекараў.