Старонка:У братоў-украінцаў (1936).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

даўся сам у Львове — трэба парупіцца, каб не глядзелі на нас скрозь прызму сымпатыі толькі з аспэктам нерэальным, што найменш учарашняга ці яшчэ больш далёкага дня. Усюды ўсё жывое шукае новае формы, новага прастору, дык і нам нельга забывацца аб патрэбе прапаганды, працы асьведамляючае ня толькі на сваіх гонях, а ўсюды, дзе гэта магчыма і патрэбна.

Шмат якіх думак лунала ў галаве ў сувязі з бачаным і перажытым за некалькі апошніх дзён. Рознаякія стораны і праявы украінскага жыцьця, якія былі быццам зразумелыя на месцы, як частка аднае вялікае суцэльнасьці, цяпер непакоілі: „а чаму гэта так, чаму ня йнакш?!“…

Прывычка да аналітычна-сынтэтычнага думаньня міжвольна накідала патрэбу знайсьці сынтэзу сучаснага украінскага жыцьця. Вельмі добра разумеў, што нельга рабіць сынтэзу, маючы вельмі мала ўсебаковага матарыялу. Ды што зробіш з прывычкаю, нахілам зрабіць аканчальны выснавак.

Дык што сяньня зьяўляецца эссэнцыяю украінскага жыцьця, прынамся ў Галіччыне? Цікавы чалавек знойдзе на бачынах украінскае прэсы шмат месца, прысьвечанага гэнай тэме. Значыцца ня толькі гасьця гэта цікавіць. Учасьнікі і тварцы жывое украінскае рэчаіснасьці думаюць самыя, каб „схапіць у часіну нараджэньня“ воблік таго, чаго ня было йшчэ, а што з нябыцьця вырастае, як нешта найбольш важнае і магутнае.

Ці вялікі ўздыйм і зацікаўленьне праблемамі эканамічнымі, гаспадарча-гандлёвымі, коопэратыўнымі, прамысловымі і г. д. — будзе найважнейшым сучасным мотарам украінскага жыцьця? — Не! — адказывае популярны украінскі публіцыст і пісьменьнік Юры Лыпа… „і солі-