блізка стаячым, а рэшта — большасьць пачула залп з пяцісот, а мо‘ і болей, сталёвых стрэльбін, моцна прыціснутых да плеч — „вернага казацтва“.
Першы залп — угару. Дымам акутала натаўп. Калі пачуліся стрэлы, калі акутаў паветра над натаўпам дым ад першага залпу, натаўп быццам адзервянеў, адзін да другога прыціснуліся ў адно цэлае і так чакалі… другога… залпу.
— Плі! — пачулася. Але ня ўгору, а ніжэй крыху — проста па натаўпу, па людзях.
Быццам сьцятыя касой, пачалі класьціся на вільготную ад асеньніх дажджоў зямлю першыя дзесяткі забітых.
Пачулася жаласьлівае: „Ра-атуйце-е“.
А каля ўсходаў у памяшканьне вакзалу не змаўкае:
В бой роковой мы вступили с врагами, |
І ў адказ на залпы адказваюць біцьцём каменьнямі шыб у вокнах вакзалу.
А „вернае казацтва“ наступае бязупынна, крок за крокам адыходзіць натаўп, памяншаецца ў ліку, зьнікае з плошчы, пакідаючы ахвяры…
Вось ужо казакі ідуць па людзях, па стогнучай зямлі…
Стрэлы не змаўкаюць, сьпеваў няма.
Натаўп зьнік. Толькі цэлая плошча ўкладзена ахвярамі…