Старонка:У прасторы (1926).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

весьці гутарку з Ігналем. — Прыдзе, дзетачка! Тата прыдзе!.. А ты сьпі, — і, сеўшы на ложак каля Ігналі, матка пачала калыханку…

Мітусілася ў вочах Агаце, што Якім прышоў да хаты, штодзенную гутарку весьці пачаў пра запасы на зіму, пра адзеньне… Чамусьці ўспомніліся ёй тыя дзянькі, калі жыла яна ў вёсцы дзяўчынкай, з якой радасьцю яна выходзіла замуж за любімага ёю працавітага Якіма… як жыць пачыналі, як яны пераехалі ў горад на заработкі… Якім паступае на фабрыку… ну й ляціць час… мінула ўжо столькі год з тых часоў, колькі год Ігналю…

II

Змораная хатняй працай за дзень Агата ўздрамнула.

Нехта пастукаў у дзьверы.

Чулая Агата быццам і чакала гэгага часу. Рванулася з ложка, выскачыла ў сенцы.

— Хто ідзе? — запытала.

— Я… — з-за дзьвярэй пачуўся працяжны голас Якіма.

— Ты, Якім?!

— Я… — зноў пачулася і змоўкла.

Агата адчыніла дзьверы.

Адчыніўшы, угледзела седзячага на мокрым ад асеньняга дажджу ганку Якіма.

— Ну, ідзі ў хату!

Адказам на гэта было працяжнае — „Ня маю сілы“…