Агата спужалася. Узяла пад пахі. Натужылася. Падняла… увяла. Паклала на ложак. Якім быў бляды, дрыжэў, бы ліст асіны; нейкі срабрыста-жоўты адценак на твары яго быў.
— Я ранены. Во дзюрка. Пагледзь… — ледзь-ледзь прагаварыў Якім. Узяў руку Агаты, прыклаў да грудзей.
— Але нічога. Да хаты я неяк прышоў. Іншыя дык сьмерць сустрэлі. А я, як пачуў нешта цёплае — кроў з пляча, наўцекі кінуўся. Да гэтага амаль што часу ў памыйнай яме сядзеў. Каля мяне сядзеў нейкі хлапец… кроў цякла па твары яго… у галаву, значыць, нацэлілі… пасядзеў… і сканаў…
Якім, адкінуўшы голаў, высулупіў язык. Відаць было, што справа сур‘ёзная.
Агата з заплаканымі вачмі спаліла жмут суровых нітак і попелам з-пад іх пакрыла ўзарванае куляй месца. Крыві было мала чамусьці. Пачуцьцё пакінула Якіма. Прабудзіўся і Ігналя. Убачыўшы каля сябе бацьку, прывычна за нос цягаць пачаў. Але што гэта? Бацька не бярэ ў абдымкі Ігналю, не цалуе, як звычайна. Зьдзіўлены Ігналя яшчэ больш пачаў тузаць бацьку.
— Тата, татацка, ты сьпіс, тата! — не супакойваўся Ігналя.
III
Ці чуласьць дзіцяці, ці блізкасьць сьмерці, ахвота выказаць усё, што здарылася, абудзіла Якіма. Ён прачнуўся.