Гэта на вакзале, а ў цэнтры:
— Янэк, давай тваю стрэльбу… О так, так… падкладай тутэй… цо тутэй за магазын?.. побач шыльдэн… мувіш, вшыстко рувно… а цо… загармайстр?.. я юж… одэрвал…
Гэта грабежніцтва. Польскія жаўнеры ламаюць крамы з мэтай знайсьці пажыву.
Вінтоўка зрабіла сваю справу і тут. Узятая на перавес, сталася яна ў руках жаўнераў ломам.
Зазьвінела. Гэта крышыцца вітрыннае шкло. Адзін за адным лезуць жаўнеры ў магазын праз акно і праз некалькі хвілін вылазяць тым-жа ходам, ракачком… з набітымі кішэнямі.
У ваднаго з іх у руцэ насьценны загарак. Пашто ўзяў ён яго? Адказаць-бы ня змог. Толькі, вылезшы з акна, ён зразумеў, што непатрэбна загарак яму. Шпульнуў на сярэдзіну вуліцы… Калёсікі, спрунжынкі, аправа — усё разьляцелася пылам…
А тут-жа побач „Малочны гандаль“… Зазьвінела шкло. Варвалася жаўнераў шэсьць у магазын. На паліцах — галяндэрскі сыр. Пачалі хапаць. Кожны па некалькі галовак. Вынесьлі на вуліцу, пачалі прадаваць гарадзкой галоце. З якім асьцервяненьнем лаяліся жаўнеры, калі пры прадажы ўгледзелі, што некаторыя з галовак сыру аказаліся дравянымі формамі для выстаўкі ў вітрыну…