Скончыўшы „сваю справу“ ў адным магазыне, жаўнеры пачынаюць шукаць новага, „цэлага“ магазыну з той-жа мэтай — мэтай грабежніцтва.
Альбо яшчэ абразок: Едзе вярхом на кані польскі жаўнер, перад ім досыць значная скрыня з папіросамі. Едзе, бярэ прыгаршчу папірос дый сее іх па вуліцы наотмаш. Забаўляецца…
І гэта ўсё ў той дзень можна ўгледзець было на кожным кроку…
∗ ∗
∗ |
10 ліпеня.
Палякі яшчэ ў Менску.
Шугае полымя пажараў.
Гарыць вакзал. Гарыць Серабранка, Залатая Горка, Камароўка, Пярэспа, Людамант, Кальварыя.
Гарыць і цэнтр гораду.
У горадзе сьпякота.
Паветра перапоўнена пахам гары.
Духота.
А стрэлы не змаўкаюць.
Цэлы дзень гручыць-дрыжыць зямля ад іх…
Надыходзіць вечар, ноч. Але ніводзін жыхар ня сьпіць. Пажары ва ўсіх куткох гораду. Яны асьвятляюць начную цемру над горадам. А шмат іх. Куды вокам ні кінь. Усюды.
Плачуць маткі, дрыжаць дзеткі. А моладзь рыхтуецца. Рыхтуецца да бойкі з палякамі.