Старонка:У прасторы (1926).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

— Ня сумуй, Гэля, у комсамоле абаронцу ты заўсёды знойдзеш, вось пабачыш, усё як сьлед зробім! Пераначаваць пытаеш дзе? Да настаўніцы зараз сходзім, яна ў нас маладзец кабеціна, не такая, як бацька твой, яна зразумее цябе, у яе ня толькі пераначаваць зможаш, але і жыць нават, а ячэйка дапамагаць табе будзе, будзеш жыць, ня плач, ня бойся, Гэля!

Ноч акутала вёску. Толькі ў хаце настаўніцы газьнічка сьвяцілася. Гэта Гэля апавядала ёй пра ўсё, што здарылася сёньня з ёй…

А на дварэ — траўка зелянець пачынала, дрэвы ўбіраліся ў адзеньне з лісточкаў зялёненькіх… Была веснавая пара…

IV

— Так і быць — гутарыў сам з сабою Тодар — сакратар комсамольскай ячэйкі. — Проста скажу, прышоўшы: Гэлька — я цябе даўно кахаю, шкадую, — выходзь за мяне замуж. Жыць у згодзе будзем! А ці згодзіцца яна? — мо‘ скажа: не, мне яшчэ рана замуж выходзіць, што тады? А, што будзе, тое і будзе! — і шпаркімі крокамі пагэцаў Тодар у хату, дзе жыла настаўніца, уяўляючы перад сабой постаць Гэльчыну.

— Белакудрая Гэлька, з васільковымі вачыма, стройная, зграбная такая, румяная з твару, з мілавіднай усьмешкай вечна на губах, шустрая, гляне — бы сокал з высі. Такой была