Старонка:Ф. Аляхновіч. На вёсцы.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

Анелька (з радасьцю). Ах, Стасюк! ці-ж гэта праўда?

Стасюк. Праўду казалі, што я дурны. Я быў дурны, бо, бачучы цябе што дня, толькі цяпер палюбіў цябе… Чуеш, Анелька, там людзі пяюць песьню, сваю песьню, каторую іх бацькі і дзяды пеялі… Яны не адрэкаюцца ні ад сваёй песьні, ні ад сваёй вёскі… Вось будзем, Анелька, усё жыцьцё жыць тутака на нашым родным загоне, будзем разам глядзець на захад нашага сонца, будзем нашы вясковыя вопраткі насіць, нашы простыя песьні пеяць… Нам ня трэба чужога, калі нашае роднае так сама прыгожае, а мо і прыгажэйшае за чужое. Будзем тут свой век дажываць, любіць адзін аднаго і любіць сваю родную зямельку, як родную маці… Пойдзем, Анелька, да людзей, разам з імі песьню пеяць і расказаць усім аб нашым шчасьці… Пойдзём, мая ты — пахам сенажаці, шопотам кветак пры захадзі сонца пасватаная!..

Анелька (туліцца да яго). Пойдзем, Стасюк!..

Памалу выходзяць. Песьня за сцэнай робіцца галасьнейшай. Памалу зачыняецца заслона.