Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

ЦЁТКА.

Я. Хлябцэвіч.

Рэволюцыйны рух 1905 году сярод рабочых і сялян Беларусі яскрава выявіўся ў асобе беларускае поэтэсы Алёізы Пашкевіч, вядомай пад псэўдонімам "Цётка".

Дачка бедных сялян Лідзкага павету Віленшчыны Алёіза Пашкевіч (Кейрысовая) з маленства спазнала душой гаротнае жыцьцё бедных людзей, што нудзіліся пад цяжарам панскага ўціску. Вось чаму Цётка ўнясла ў сваю рэволюцыйную чыннасьць жывую душу бедака-рабочага селяніна і яе вобразную праўду, сялянскую прастацкасьць і шчырасьць. Вершы Цёткі гралі ролю агітацыйных проклямацый, паддаваўшых духу да рэволюцыйнай барацьбы рабочым Вільні і сялянам Беларусі.

У часе рэволюцыйных надзеяў перад агульнай забастоўкай у кастрычніку 1905 году Цётка падмацоўвала энэргію рабочых і сялян Беларусі. У вершы "Вера Беларуса" Цётка моцна праканана ў блізкасьці рашаючага моманту:

Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую вагонь ў нас—ня брылу,
Бачу, братцы,—мы ня з карт.
Мы ня з гіпсу—мы з каменя,
Мы з жалеза, мы са сталі;
Нас кавалі у пламені,
Каб мацнейшыя мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша—з дынаміту,
Рука цьвёрда, грудзь акута,—
Пара, братцы, парваць пута[1].

Гэтае прагненьне барацьбы з царызмам і буржуазіяй знайшло вобразна народнае выяўленьне ў вершы "Пад штандарам"[2]

Ня плач, матуля,
Ня пляч, татуль,
Што забілі Вінцуля,
Што ня прыдзе адтуль;
Што чырвоны штандар
Прад народам ён нёс,
Што крычаў: "Гасудар,
Ці наеўся ты сьлёз?
Ці напіўся крыві,
Ці пакрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прышлі—
Расплаціцца ўжо час".

  1. Skrypka bіelaruskaja, у руск. выд. "Гаўрылы з Полацку" 1906 г.
  2. Верш напісаны Цёткай у 1905 г. і зьмешчаны ў зборніку пад назвай "Хрэст на свабоду", выданы ў 1906 г. у Львове.