Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

І душна, і цесна, і сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка, на скрыдлах ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да іх!
Зьнялася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам казала я гнаць
Далёка, далёка, гдзе сьняцца мне чары,
Гдзе боры густыя над Нёмнам шумяць,
Гдзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Гдзе Вільня між бораў гняздо сабе ўе,
Гдзе кожна дарога і крыж мяне знае,
Гдзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!
Там я нарадзілась і вырасла ў волю,
Там першыя словы вучылась казаць...
Затое сягоньня ляцела б стралою
Там зь імі, з усімі Год Новы спаткаць!
О, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім незабыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!

Ад нуды Цётка траціла свае душэўныя сілы, а сухоты адбіралі ў яе сілы фізычныя. З кожным днём таялі яе сілы, але яна яшчэ больш рвалася да рэволюцыйнай барацьбы, да рэволюцыйнага мастацтва і асьветы мас на бацькаўшчыне.

Геня, —сказала яна мне, нелегальна прыехаўшы ў Пецярбург: — ведаеце, якое рэволюцыйнае значэньне мае мастацтва? Калі хочаце гэта зразумець, дык прачытайце "Леонардо-да-Вінчы" А. Меражкоўскага...

У часе свайго апошняга прыезду Цётка казала:

— Ведаеце, Геня, я ніяк не магу пагадзіцца са сьмерцю. Мяне заўсёды хвалююць гэтыя пытаньні, — "каханьне й сьмерць". Я рада, што вы, грамадзянскі дзеяч, разьвіваеце нашыя дасягненьні 1905 году.

Цётка прадстаўляла сабе ўсе магчымасьці разьвінуць свае здольнасьці і адначасна разумела, што сілы яе аслаблі.

Граў бы я многа, ды сіл не хватае,
І рвецца за стрункаю струнка,
Хоць песня яшчэ не замёрла ўдалая,
Хоць родзіцца думка за думкай.
Граў бы я многа, ды смерць кажа «годзе!»,
Ў магілку мне ладзіцца кажа…
Эй, рвіцеся, струны, што гэта мне шкодзе?
У магілку супольна мы ляжам!
Можа, з той ліры вырасце іва,
3 парваных струн — белыя кветкі,
Можа, вясною будуць ігрыва
У дрэўца ценю гуляць дзеткі,
Можа, хто з дзетак скруце жалейку —
Ўнучку паломанай ліры —
І так зайграе, што ўсенька зямелька
Пачуе мой водгалас шчыры!
Дзедавы струны, рана парваныя,
Зноў громка азвуцца, як звоны:
Песня, за жыцце яго недаграная,
Ў сэрцы унука дасць плёны.
А на задушкі пад цёмнаю івай
Жывое пачуецца слова,
Што песня ўстала з стотысячнай сілай,
Жыве мая ліра нанова!