Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Цётка яскрава выразіла ў мастацкіх формах сваіх твораў моц грамады— "працавітай беднаты"—і гарачую вялізную адданасьць бяздольнаму лёсу працоўных мас у зьвязку з іхнай рэволюцыйнай барацьбой.

Цётка была бясцэнным дарагім сябрам усіх падпольных таварышоў і крыштальна-чыстым чалавекам, што выяўлялася ва ўсіх яе словах, чыннасьці і захоплена-поэтыцкай дзіцячай радасьці, якая запаляла революцыйным агнём усіх, каму здаралася быць у кампаніі з ёю.

Памяць аб беларускай Цётцы захавалася ў сэрцах беларускага народу, які шануе яе ў Савецкай Беларусі пролетарскай пашанай.

Цётка часта разумела, што яе фізычныя сілы ў зьвязку з сухотамі штодзень гаснуць, што "рвецца за стрункаю струнка". Поэтэса, паміраючы, пацяшала сябе надзеяй, што пасьля яе "жывое пачуецца слова, што песьня устала з стотысячнай сілай, жыве мая ліра нанова".

Цётка верыць у масы і, пачынаючы рэволюцыйную песьню, заклікае "мільëны грудзей зьліцца ў вадзін тон", падтрымаць гэтую песьню "грамадай голас даць":

Вам, суседзі, вам, кумочкі,
Беларусы-галубочкі,
Пяю з сэрца; надцінайце,
Вы грамадай голас дайце.
Зложым песьню цэлым людам.
Як сьвет сьветам яшчэ стаў,
Такой песьні ня слыхаў:
Восем... дзевяць і мільён
Грудзей зьлецца ў вадзін тон...

Яўг. Хлябцэвіч.