Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

Растрэл работніцкай дэмонстрацыі, на чале якой рабочы Вінцуль нëс чырвоны штандар, рэволюцыйныя хаўтуры з шматтысячным натоўпам-процэсіяй— "Вінцуля на могілкі нясуць" — і ўсе гістарычныя абставіны царызму, стварыўшыя ўмовы, рэволюцыянізуючыя шырокія масы й салдат, якія дагэтуль растрэльвалі работніцкія дэмонстрацыі, а пасьля зрабіліся "сьвядомымі", — усе гэтыя вобразы 1905 г. выражаны ў тым самым вершы:

І салдат не такі,
Як тады к нам страляў,
Капітан не жывы, —
То б яго не пазнаў.

Неслухмяны салдат
Афіцэру гіркне:
«Я народу сын, брат!»,
Ў дэманстрацы ідзе.

На прыказ падаць залп
У чырвоны штандар —
Выстрал пусьціць на жарт
У аблокаў алтар.

А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На варога-цара
Крэпку руку нясе.

Нясе доўг у грудзёх
Для тыранаў, цара
І прыказ у вачох:
«Цару згінуць пара!»

З імем аўтора гэтых вершаў-проклямацый, Цёткай, зьвязаны першыя спробы масавай рэволюцыйнай агітацыі сярод рабочых і сялян на Беларусі ў 1904-1905 г.г., калі ўпяршыню выступілі цэлыя рабоча-сялянскія масы, а не асобныя групы й гурткі.

Цётка прымала ўдзел ва ўсіх нелегальных мітынгах, работніцкіх сходках і вучнёўскіх гурткох, а калі надышоў час адкрытых мітынгаў з кастрычніка па сьнежань 1905 г., дык Цётка выступала ў Вільні й Hoва-Вялейску, заўсёды сьледам за вядомым таварышам Сьцяпанам Вігілевым[1], які карыстаўся надзвычайна вялікім уплывам на рабочых і вучняў г. Вільні.

Успамінаецца выпадак на адным гэткім мітынгу ў клюбе чыгуначнікаў у 1905 г., наладжаным лігай роўнапраўнасьці жанчын; выступалі тады прамоўцы ад усіх соцыялістычных партый, разглядаўшыя жаночае пытаньне, як частку рабочага пытаньня. Цётка-ж адразу пачала так: "Працавітай бядноты тут няма, а толькі капялюшніцы"[2] і так далей у тым самым тоне, прычым, нарэшце, Цётка прапанавала работніцам уваходзіць ня ў лігу роўнапраўнасьці жанчын, а ў соцыялістычныя партыі.

Прамовы Цёткі заўсёды на мясцовай мужыцкай мове ўносілі элемэнт прызнаньня грамадзкае асабістасьці й людзкое вартасьці ў беларускім рабочым і селяніне, якіх лічылі дагэтуль за „быдла“ мясцовыя паны, шляхта і расійскія вураднікі.

  1. Відны лідэр Р.С.-д. партыі, меўшы вялікі ўплыў на работніцкія масы г. Вільні ў 1905 г., аб якім пазьней клапаціўся Ленін. Гл. арт. Ганецкага ў "Правде" — сакавік-красавік 1924
  2. Шляпніцы