Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/3

Гэта старонка не была вычытаная

Дзякуючы мастацкай вобразнасьці і сялянскай прастацкасьці беларускай мовы, б'ючай сваімі праўдзівымі словамі, Цётка карысталася вялікім пасьпехам і ўвагай з боку рабочых і сялян. Віленскія рабочыя расхоплівалі яе вершы і з вялікай цікавасьцю дэклямавалі іх на фабрыках і заводах і, нават, на вуліцах.

Вялікасьць рэволюцыйных падзеяў 1905 году і чаканьне шырокіх пэрспэктыў выклікалі ў яе душы новыя сілы, новы ўздым рэволюцыйнае творчасьці, знайшоўшы водгук у псыхолёгіі мас. Вяшчуны рэволюцыі 1905 г.—вялізарныя рабочыя дэмонстрацыі, растрэльваемыя царскім урадам—і наогул уся расійская рэволюцыя вобразна выяўлены ў вершы „Mopa":

Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвілі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
 
Мейсцам хваля стогнам рыкне,
Мейсцам плач сарвецца з губ,
Мейсцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.

Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.

Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі сьвяты сон.
Б’ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.

Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі,
Бог склікае сьвяты сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусьціць у ход.

Бой пачаўся. Войска Бога
Залпам паліць ў горды хвіль...
Мільён згіне, – нова змога
Расьце крэпка праз сто міль.
  
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт.
Не адступяць войскі Бога...
Бой пачаўся не на жарт.

Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасьць,
Ў такім баю толькі грэцца!
Ў такім баю толькі пасьць!