Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

.



Спагадная глеба для разьвіцьця рэволюцыйнага руху ў 1905 годзе сярод сялян Беларусі заключалася ў тым, што беларусы прадстаўлялі клясу, галоўным чынам, сярэдняга й безьзямельнага (батрацкага) сялянства, складаючую 76% насельніцтва краіны, працуючую на праспалосных „шнурох" зямлі. Подлуг даных А. Л. Бурбіса, паданых у кнізе Турука, сярод сялянства Беларусі, згодна даных 1905 году, перавышаў пролетарскі (да 5 дзес. на гаспадара) і напаўпролетарскі (ад 5 да 10 дзес.) элемэнт, досыць вялікі процант працоўнага сялянства (ад 10 да 15 дзес.), дробнакулацкае сялянства з наймітам (ад 15 да 20 дзес.) і кулацкае сялянства (20 дзесяцін на гаспад.) з эксплуатацыяй наёмнай рабочай сілы; капіталістычна-дробныя гаспадаркі складалі досыць невялікі процант, што відаць з наступнай табліцы па губэрнях:

Назвы губэрняў Да 5 дзес. на гаспадара Ад 5 да 10 дзесяцін Ад 10 да 15 дзесяцін Ад 15 да 20 дзесяцін Звыш 20 дзес. на гаспадара
Віленская 3,9% 28,5% 29,0% 25,3% 14%
Віцебская 2,2% 46,6% 29,6% 7,5% 14,8%
Горадзенская 4,5% 10,6% 31,6% 30,2% 22,9%
Менская 11,5% 61,9% 13,8% 6,9% 5,6%
Магілёўская 9,9% 68,5% 17,0% 2,0% 2,0%
Смаленская (паветы беларускія без 4-х велікаруск.) 6,13% 71,5% 19,0% 4,5% 1,9%
Чарнігаўская (5 паўночных паветаў) 40,5% 51,7% 6,8% 6,9% 0,4%

Варта адзначыць, што царызм, штучна ўзбуджаючы нацыянальную і соцыяльную розьню між народамі, пробаваў папярэдзіць соцыяльную клясавую барацьбу на Беларусі паміж рабоча-сялянскімі масамі і панамі і капіталістымі. З гэтай мэтай русыфікацыйная політыка царызму ўжывала праваслаўе, рускую народнасьць і казакоў з бізунамі, маючы пад сваім загадам цэлы штат дзяржаўных гісторыкаў, школы, царквы, вураднікаў і г. д.

Асабліва старанна культываваліся штучныя эксцэсы, якія даходзілі часта да сапраўднае бойкі (м. Зельва Горадзеншчыны) між каталікамі і праваслаўнымі затое, што папы абураліся на ксяндзоў, будаваўшых косьцел на нейкай зямлі, за якую йшла спрадвечная спрэчка—каталіцкае духавенства ці праваслаўнае раней уладала гэтым зыскоўным месцам. Справа даходзіла да такога фанатызму, што адны беларусы лічылі сябе праваслаўнымі і дзеля гэтага рускімі; другія-ж беларусы каталіцкага вызнаньня лічылі каталіцкую рэлігію і польскую нацыянальнасьць за адно й тое і затым залічалі сябе не да беларусаў, а да палякоў, хаця ўжывалі мясцовую беларускую мову. Гэткае непраўдзівае разуменьне культывавалі папы й ксяндзы, польскія паны й расійскія вураднікі.