Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

У гэткіх умовах працавала Цётка, заражаючы ўсіх таварышоў палкім імпэтам да рэволюцыйнае барацьбы, сваёй прастатой, беспасрэднасьцю і шчырасьцю. Цётка зьяўлялася незаменным таварышом і надта харошым чалавекам, шукаўшым у кожным мужыку-беларусе працаўніка-чалавека, і знаходзіўшым яго. Заўсёды захоплена-радасная, заўсёды бяз грошай, Цётка ніколі не сумавала і рабіла сваю рэволюцыйную справу барацьбы працоўнай беднаты і мужыкоў з панамі пры ўсякіх умовах. Сярод таварышоў-слухачоў вышэйшых вольных курсаў Лесгафта ў Ленінградзе — Цётка заўсёды гаварыла "папросту", на „мужыцкай мове". Інтэлігэнцкі-настроеныя соцыялістыя крыху паблажліва адносіліся да яе слоў і, ня маючы зьвязку з рабочымі масамі, не разумелі таго, што Цётка са сваімі мужыцкімі словамі карысталася такой увагай і давер'ем гэтых мас, аб якім марылі таварышы, ня ўмеўшыя падыходзіць да мас на іхнай мове. Усе яе таварышы разумелі яе шчырыя намеры і з вялікім замілаваньнем і павагай адносіліся да Цёткі.

Будучы поэтэсай і артысткай, Цётка ведала, якое значэньне мае мастацкая форма агітацыі й пропаганды і заўсёды гарэла рэволюцыйным агнём, здабываючы прыхільнасьць да сябе сярод рабочых і сялян.

Як і ў вершах, Цётка выступала на мітынгах, на базарах і кірмашох і наогул усюды, дзе прасьцейшы народ-сярмяжнікі, "дзе беларусы", шукаючы іх сярод рабочых і пытаючыся ва ўсіх таварышоў, якіх спатыкала, "чы не беларус?", лічачы, што беларус можа быць толькі работнікам і мужыком, бо панамі тут былі палякі, a вураднікамі―рускія. Вось чаму вуснамі рабочага і селяніна Цётка кідала стальныя словы: "Мы―cілa, мы―права". З яе грудзей з вульканічнай сілай вырываўся ў 1905 годзе верш:

Цяпер, брацьця, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту;
Рука―цьвёрда, грудзь―акута!
Пара, брацьця, парваць пута.

("Сон над крывавымі разорамі", гл. „Наша доля" № 1-1906 г. і "Скрыпка беларуская").

У асобе Цёткі мы бачым прыклад гармонічнага злучаньня поэтыцкіх парываньняў з рэволюцыйнымі дасягненьнямі.

Прымаючы чынны ўдзел у стварэньні Беларускай Рэволюцыйнай Грамады, Цётка закончыла сваю нелегальную дзейнасьць скліканьнем 2-га зьезду Б. С. Грамады ў студзені 1906 году. Калі я ў часе калядных канікул знаходзіўся ў Бельскім павеце Горадзеншчыны, дык атрымаў ад яе гэткую тэлеграму: "Халімон, прыяжджай у Менск на шлюб. Цётка". Ня ўцяміўшы, што гэта за вясельле наладжвае Цётка, я выправіўся ў Менск. Прыехаўшы туды да знаёмых мне таварышоў, братоў Луцкевічаў, я накіраваўся з імі далёка на канец гораду на кватэру быўшага ў той час бібліотэкара Пушкінскай бібліотэкі[1].

За сталом сядзяць усе віленскія і менскія таварышы[2], а таксама рабочыя і сяляне, быўшыя члены сялянскага саюзу ад Менскай губ.

  1. Сасланага пазьней на катаргу за распаўсюджаньне проклямацый БСГ праз кнігі, якія выдаваліся з Пушкінскай бібліотэкі.
  2. А. Бурбіс, Цётка, Ф. Умястоўскі, Вілейка, браты Луцкевічы, А. Уласаў і сяляне Менскай губ, Вацлаў Іваноўскі, вядомы под прозьвішчам "Вацюк Тройша", абраны быў у цэнтральны комітэт завочна, бо ўдзелу на зьезьдзе ня прымаў