Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

Цётка, зразумела, у цэнтры, здаволеная, размахвае рукамі.

— А-а-а! Халімон!? Прыехаў такі з-пад Белавескай пушчы. А каб цябе халера! А мы думалі, што ня прыедзеш на шлюб. Ну, сядай за стол, пі гарбату, пакаштуй шынкі, гэта шлюбная беларуская шынка...

Пасяджэньні зьезду цягнуліся цэльны дзень да позьняй ночы. Дзякуючы таму, што ў пачатку студзеня 1906 году адбываліся арышты і вобыскі, мы разьмяшчаліся па горадзе і начавалі ў грамадзян, якія зусім не займаліся політыкай. Зьезд цягнуўся 3-4 дні. Усе пытаньні старое програмы былі перагледжаны. Дакладчыкі па кожным пытаньні програмы асьвятлялі пытаньне на грунце ўсёй, якую мелі, літаратуры, сярод якой значную ролю гралі працы Маслова і Н. Леніна ў аграрным пытаньні.

Другі зьезд, замест быўшай у програме Б. С. Г. соцыялізацыі зямлі, прыняў новую програмную пастанову аб утварэньні краёвага зямельнага фонду краю, конфіскацыі панскай, царкоўнай, скарбовай, удзельнай і інш. зямлі.

Гэткім чынам, ужо тады быў закладзены фундамант для нацыяналізацыі зямлі. Пастанова аб утварэньні гэткага краёвага зямельнага фонду была ў 1905-6 г. г. першым соцыялістычным выступам, які прыбліжаў Беларусь да нацыяналізацыі зямлі.

І вось калі на зьезьдзе зайшла гутарка аб тым, што за карыстаньне зямлёй у сялян будуць браць асобныя падаткі (дыфэрэнцыяльная рэнта), дык пішучы гэтыя радкі, протэстуючы сьпярша проціў капіталістычных форм, напамінаўшых ранейшую арэнду, — усё-ж згадзіўся з асноўным палажэньнем дакладчыка, што, праўда, пры нацыяналізацыі зямлі, падатак за карыстаньне зямлёй у форме дыфэрэнцыяльнай рэнты і ў іншых формах ідзе ня ў кішэню пана і капіталістага, а на карысьць усяе дзяржавы—на заснаваньне больніц, школ, на разьвіцьцё прамысловасьці—у інтарэсах усіх працоўных.

Гэткім чынам, прыняўшы такую пастанову ў аграрным пытаньні зьезд стаў на пляцформу с.-д.

У зьвязку з гэтым і ў політычным стасунку пастаўлена было заданьне дабівацца тэрыторыяльнай аўтономіі Беларусі разам з правамі культурна-нацыянальнай аўтономіі для нацмен, якія жывуць на гэтай аўтономнай тэрыторыі. На жаль, гэтае пытаньне неправілова комэнтыруе Ф. Турук у сваёй кнізе "Белорусское движение", М., 1921 г. ГИЗ, асьвятляючы працу 2-га зьезду Б. С. Г. у тым сэнсе, што гэты зьезд нібы займаецца, галоўным чынам, пытаньнем дзяржаўнага ладу Расіі (?) на прынцыпе не аўтономіі, а фэдэрацыі "вольных з вольнымі", шукаючы падтрыманьня ў суседзей (Літвы, Украіны і Латвіі). Ф. Турук у гэтым месцы ссылаецца на дадатак да яго працы № 7 — "Нарыс програмы Б. С. Г". Тымчасам наш асабовы ўдзел у гэтым зьезьдзе і дакумант, на які ссылаецца Турук— "Нарыс програмы Беларускай Соцыялістычнай Грамады",— якраз пацьвярджаюць, што 2-і зьезд Б. С. Г. найбольш займаўся пытаньнем дзяржаўнага ладу Беларусі на прынцыпе якраз аўтономіі ды яшчэ і тэрыторыяльнай, а т. Турук піша: "на принципе не автономии, а федерации", неправілова лічачы, што калі фэдэрацыя, дык ужо ні ў якім разе не аўтономія. Тымчасам, дакумант, на які ссылаецца Тypyк і асабістыя ўражаньні ў поўнай меры і азначана паказваюць на тэрытарыяльную аўтономію ў форме незалежнае распублікі (гэта было ў 1905 г.). Практыка Савецкага гаспадарства выпраўдала гэтае толькі пазьней. Мы бачым, як сучасныя Савецкія рэспублікі будаваліся незалежнымі і на грунце ўмоў уступалі ў сувязь―Р. С. Ф. С. Р.,―а потым утварылі Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.