Старонка:Хлябцэвіч Цётка.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце, пастаноўка пытаньня аб незалежнай рэспубліцы Беларусі на 2-ім зьезьдзе Б. С. Г. зусім ня была такой, што нібы гэты зьезд займаўся пытаньнем дзяржаўнае будовы Расіі (якраз не Расіі, а Беларусі. Курсіў наш. Е. X.).

Другі зьезд Б.С.Г. у 1906 г. найменш клапаціўся аб вернападданьніцкай адданасьці расійскай дзяржаве, і амаль-што ніхто нічога не казаў аб тым, каб заставацца "у межах супольнага дзяржаўнага організму Расійскага гасударства". Дый у "Нарысе програмы Б. С. Грамады" (дакумант, на які ссылаецца т. Турук) бліжэйшая мэта Б. С. Г. формулявана йнакш: "Скінуць самадзяржаўе ў Расіі разам з пролетарыятам усіх народаў Расійскага гасударства" (гэта зусім не азначае, што Б.С.Г., вырашаючы нібы пытаньне наконт фэдэрацыі (?), адначасна (?!) лічыла патрэбным „аставацца ў межах супольнага дзяржаўнага срганізму Расійскага гасударства". Тады-ж разважалі аб агульнай барацьбе разам з усім пролетарыятам, а не аб "межах". Агульнае заданьне 2-га зьезду было больш паважнае― "раскінуць цяперашні капіталістычны парадак і аддаць у рукі ўсяго народу зямлю, снасьці рабочыя і ўсе спосабы комунікацыі для супольнага ўладаньня", а не заставацца ў межах Расійскага самаўладзтва. Бо прынята была рэзолюцыя (ўпяршыню) аб незалежнай Беларускай рэспубліцы.

Зьезд закончыўся без перашкод, азначана вырашыўшы ўсе пытаньні програмы й тактыкі, абраўшы Ц.К., замяніўшы назву "Беларуская Рэволюцыйная Грамада" назвай "Беларуская Соцыялістычная Грамада", надаушы програме с.-д. характар.

Пасьля зьезду мы паехалі з Цёткай у Вільню, дзе яна хавалася ў прыватных кватэрах ад шукаўшай яе поліцыі, дала мне грошай на дарогу, і я паехаў да дому.

Пабыўшы нейкі час у студзені 1906 г. ў якасьці міласэрнай сястры ў Нова-Вялейску па чужым пашпарце, Цётка рыхтавалася ўцякаць заграніцу, і ўцякла ў гэтым самым 1906 годзе.

Больніца, месца працы Цёткі, зьяўлялася базай, дзе наладжваліся нелегальныя пасяджэньні сяброў, Б.С.Г., і адтуль мы мусілі падарожнічаць з агітацыйнымі мэтамі ў суседнія сёлы, прылягаючыя да Вялейскай больніцы.

Знаходзячыся ў Львове, дзе яна вучылася ва ўнівэрсытэце і вывучала народны тэатр "батлейкі", Цётка прынялася за навуковую распрацоўку пытаньня аб беларускім народным тэатры, а таксама практычна вывучала драматычнае мастацтва ў тэатральнай школе і выступала ў тэатры на беларускай мове.

Цётка манілася наладзіць беларускае драматычнае мастацтва і скарыстаць яго як з мастацкімі мэтамі, гэтак із політычнымі. Цётка колькі разоў паказвала на тое, што яна мусіла здабываць сродкі да жыцьця або працай на сцэне, або практыкай фэльчаркі.

З прычыны сваёй адарванасьці ад грамадзянскай працы на Беларусі сярод сярмяжных беларусаў, яна сумавала па рэволюцыйнай рабоце.

У гэты час яна напісала верш "Я хацела-б":

Я хацела-б быць зярном пшаніцы,
Упасьць на ніўкі, вёскі,
Зазалаціцца без мятліцы,
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела-б быць я рачкай быстрай.