Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

Спадабаў Агапку й Карпа. І задумаў ён канешня ўзяць яе за сябе. Ведаючы, аднак, што яна ня любіць і бацькі ня хочуць, — ідзець да пана прасіць, каб загадаў Агапцы пайці за яго замуж. Як даведалісь аб тым Агапкіны бацькі, дык зьвярнуліся да аканома і ўсяе воласьці, каб ужо людзі ўпрасілі пана не аддаваць Агапку замуж за Карпу, бо дзяўчына яшчэ зусім маладая, мала паможаць мужыку, ды й Карпава гаспадарка дужа апушчана. Пан на гэты раз паслухаў, але адклаў вясельле да налецьця. Карпе сказалі, каб за гэты час паказаў, што ён зробіць добрага і ці многа зьбярэць грошы.

Карпа, гэты нясумленны і неахвочы да працы чалавек, ідзець тады на раду к Парамону, самаму страшному чараўніку ўва ўсёй акрузе. Просіць таго, каб парадзіў, як-бы гэта найбарджэй дабыць грошы. І дэкляруе, што гатоў на ўсё чыста, хоць-бы й душу чарту прадаць, абы толькі свайго дабіцца.

Парамон дастаў са скрыні нейкія заверчаныя ў паперку зерняткі, даець іх Карпе і кажаць гэтак: „Калі ня маеш чорнага пеўня, дык дастань яго дзе-небудзь, накармі гэтымі зернятамі, і ён пераз колькі дзён зьнясець невялічкае, увелькі з галубінае, яйцо, Насі гэтае яйцо пад левай пахай цэлы месяц, і вылупіцца з яго маленькая яшчарка. Гэтую яшчарку насі з сабою і што дзень кармі малаком на сваёй далоні. Яна будзе расьці шыбка, пакажацца на ёй з абодвух бакоў скураное крыльле, а цераз месяц зьменіцца яна ў лятучага зьмея і будзе ўсё рабіць, што ты ёй скажаш. Начою ў чорнай постаці прынясець табе зьмей жыта, пшаніцы і ўсякага збожжа. Калі прыляціць, шугаючы агнём, гэта знача — прынёс золата і срэбра. Калі хочаш быць багатым, дагаджай зьмею, бо як усердзіш, можа спаліць і тваю хату і ўсю ваколіцу“.

Карпа найхватней зрабіў усё, што яму радзіў Парамон, і вырасьціў нягоднага зьмея. Аднак, людзі даведаліся аб гэтых яго чарах, бо відзілі зьмея, калі позна варочаліся дамоў. І я раз на нашлезе бачыў, як ляцеў гэты цмок, кідаючы ад сябе іскар’е, быццам распаленае зялеза пад молатам у каваля, і над страхою Карпавае хаты рассыпаўся на дробныя часткі і шчэз.

Цераз колькі месяцаў Карпа — ужо багатыр. На кірмашы або сьвятам у карчме ходзіць, узяўшыся ў бокі, задраўшы галаву; усіх мае, здаецца, за нішто; жменяй кідае на стол грошы і кажа падаваць, што толькі прыдзе яму ў дум; усіх частуе і сьмела крычыць, што пан яму — як родны брат, усё для яго зробіць; што Агапка павінна мець за шчасьце, калі зайдзе за яго замуж, бо ён за свае грошы можа купіць жонку, якую захоча.

Чула аб гэтым Агапка і сьлязьмі ўмывалася. Ведала, што яна й бацькі нічога ня зробяць, што ўсё ў панскай волі, а ў пана ніякай літасьці няма.

Але мінае год, і Карпа накупляў ужо ў месьце дарагіх дарункаў пану і прыехаў на прыгожым кані прыпамінаць абяцанку. Паслалі па дзяўчынінага бацьку і загадалі рыхтавацца да вясельля.