Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

Бедны Гарасім з жонкаю плакалі над нядоляю свайго дзіцёнка і прасілі ў Бога апекі. Агапка хавалася з сваім горам, каб яшчэ болей ня смуціць бацькоў. Сабраўшы свае адвабныя касьнікі, якія найбольш любіла, і некалькі трубачак кужэльнага палатна, што сама саткала, пайшла яна ў царкву, павесіла ўсё гэта на абраз Прачыстае Маці і пала ніц, заліваючысь сьлязьмі. Усе там быўшыя не маглі зьдзержацца ад зьлёз.

Прачыталі запаведзі; прыйшла нядзеля. Бярэць Карпа шлюб у царкве з Агапкай… Ён быў вясёлы, стаяў стромка, валасы на галаве — стрыжаныя папанску, на шыі — адвабная хустка, боты блішчаць, вопратка — з тонкага сукна. Калі-б хто ня ведаў, што гэта Карпа, наш брат, то за паўвярсты яшчэ зьняў-бы шапку ды пакланіўся-б. Агапка — зусім ня тое: смутная, зьбялелая, так зьмянілася, як быццам у цяжкіх сухотах, вочы ў сьлёзах. І казалі, што сьвечкі ў абоіх маладых так цёмна гарэлі, што іншыя глядзелі на гэта з вялікім страхам ды шапталі між сабою: „Ня будзе тут шчасьця“. — Па шлюбе Карпа са сватамі і з маладою паехаў да пана, а тады ўжо да Агапкіных бацькоў. Вясельле было — Бог ведае, паякому. Карпа змалку быў у панскім двары, ужо яму звычаі-абычаі нашыя вясковыя — сьмешныя былі, не падабаліся. Не пераяжджаў ён цераз полымя запаленай саломы; не казалі маладым ніякіх арацый, не пяялі вясельных песьняў; ня было навет дудара, і моладзь не магла паскакаць: дык вясельле было ў Гарасіма, як хаўтуры. Зараз адтуль паехалі маладыя са сватамі да свае хаты. Там ужо Карпа кожным учынкам выстаўляўся, што ён не абы-хто, багатыр, і хацеў, каб усе яму падлыгалі.

Гукнуў дудара; быццам які чыноўнік, кінуў яму некалькі белых і загадаў іграць; заплаціў таксама добра й бабам, каб пяялі; з наўмыснай ветласьцю, быццам паніч, прасіў хлапцоў і дзяўчат гуляць. Ня было там шчырасьці, адно што — наедкаў і напіткаў было аж надта; чаркі з гарэлкаю блізка бесьперастанку йшлі з рук у рукі. У хаце шум, музыкі йграюць, а ён хваліцца сваёю дворнаю службаю: якую ласку меў у пана. Агапка-ж сядзела, як забітая; шкода было, глянуўшы на яе.

Надвор’е было, хоць і цёмнае, але супакойнае. На чыстым небе ўжо поўнач. Вясёла гуляюць госьці, угрэўшыся гарэлкаю. І вось, як стаіш, быццам маланка асьвяціла хату і пачуўся нейкі нязвычайны шум за сьцяною. Пацямнела сьвятло ў хаце, змоўклі ўсе, пазіраюць адзін на аднаго… Карпа пачаў сьмяяцца, казаў, што крэпкая гарэлка нарабіла гэтага дзіва, і загадаў іграць дудару і пяяць песьні. Сярод шуму ды клуму забыліся аб усім.

Адчыняюцца дзьверы: уваходзіць чараўнік Парамон. Аглядае гасьцей бліскучымі вачмі з-пад калматых броваў.

Карпа з ім вітаецца і запрашае за стол на покуць. Госьці раступаюцца, Парамон садзіцца і з гары разглядае ўсіх каля сябе, адкінуўшысь на сьцяну. Карпа падаець яму гарэлкі, закускі. — „А дзе-ж твая Гапуля, маладая гаспадыня? Ці яна дужа занятая, ці